Научная статья на тему 'Сям’я беларусаў у горадзе: тэндэнцыі этнакультурнага развіцця на сучасным этапе'

Сям’я беларусаў у горадзе: тэндэнцыі этнакультурнага развіцця на сучасным этапе Текст научной статьи по специальности «История и археология»

CC BY
231
76
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

Аннотация научной статьи по истории и археологии, автор научной работы — Калачова Ірына Іванаўна

У артыкуле разглядаюцца тэндэнцыі этнакультурнага развіцця сучаснай сям’і беларусаў. Указваецца, што на сучасным этапе большасць насельніцтва Беларусі належыць да гараджан, і гэта асаблівасць уплывае на ўклад жыцця сям’і, адбіваецца на яе функцыях, структуры, тыпах. Ставіцца пытанне аб стварэнні механізмаў адаптацыі сям’і да новых умоў жыцця, аб важнасці захавання традыцыйных форм культуры беларускага народа як найбольш натуральнага механізму жыццядзейнасці сям’і, паказваюцца некаторыя вынікі апытання сем’яў, праведзенага аўтарам у гарадах Беларусі ў 2007 годзе, якія пацвярджаюць гэтыя падыходы.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.
iНе можете найти то, что вам нужно? Попробуйте сервис подбора литературы.
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

This article depicts the problems of a modern belarusian city family, the transformation of family’s basic functions is described. Also the possibilities of national belarusian culture as a mechanism of adaptation of a family to the new circumstances of city life are analyzed in this article.

Текст научной работы на тему «Сям’я беларусаў у горадзе: тэндэнцыі этнакультурнага развіцця на сучасным этапе»

48

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

УДК 392.3(476)

1.1. Калачова

СЯМ’Я БЕЛАРУСАЎ У ГОРАДЗЕ:

ТЭНДЭНЦЫІ ЭТНАКУЛЬТУРНАГА РАЗВІЦЦЯ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ

У артыкуле разглядаюцца тэндэнцыі этнакультурнага развіцця сучаснай сям’і беларусаў. Указваецца, што на сучасным этапе большасць насельніцтва Беларусі належыць да гараджан, і гэта асаблівасць уплывае на ўклад жыцця сям’і, адбіваецца на яе функцыях, структуры, тыпах. Ставіцца пытанне аб стварэнні механізмаў адаптацыі сям’і да новых умоў жыцця, аб важнасці захавання традыцыйных форм культуры беларускага народа як найбольш натуральнага механізму жыццядзейнасці сям’і, паказваюцца некаторыя вынікі апытання сем’яў, праведзенага аўтарам у гарадах Беларусі ў 2007 годзе, якія пацвярджаюць гэтыя падыходы.

Уводзіны

Паўнавартаснае гарманічнае функцыянаванне сям’і як значнага сацыяльнага і этнакультурнага інстытута заўсёды было ў цэнтры ўвагі. Да сучаснай сям’і ўвага асаблівая, бо менавіта яе становішча, яе дабрабыт, яе духоўнае жыццё і тыя ідэалы, на якіх выхоўваюцца новыя пакаленні беларусаў, з’яўляюцца важнейшай праблемай пераемнасці традыцый і пераходу да новага ўзроўню развіцця, а значыць і дасягненняў усяго грамадства.

Вынікі даследавання і іх абмеркаванне

У любым грамадстве сям’і надаецца вялікая роля як інстытуту, які перш за ўсё забяспечвае рэпрадукцыйную функцыю. Для таго, каб сям’я магла выканаць гэтую важнейшую задачу па захаванні жыцця і падаўжэнні яго ў новых пакаленнях, яна павінна быць стабільнай суполкай, якая мае грунтоўныя апоры ў будове жыцця, адаптаваныя да сучаснасці механізмы жыццядзейнасці.

Актуальнымі і пакуль што невырашальнымі праблемамі сучаснай сям’і з’яўляюцца маладзетнасць, сацыяльнае сіроцтва, значная колькасць разводаў сярод маладых пар, дапушчальнасць пазітыўнай грамадскай думкі адносна вольных (незарэгістраваных) шлюбаў і інш. Адзначаюцца карэнныя перамены ў каштоўнасных арыентацыях сям’і, яе базавых структурах, тыпах. Зафіксаваны «новыя» формы сям’і і шлюбу: «грамадзянскія» шлюбы (незарэгістраваныя саюзы), шлюбы «выхаднога дня», «гасцявыя» сем’і, мацярынскія сем’і, апякунскія сем’і, прыёмныя сем’і, сваяцкія сем’і і інш.

Змяненні, якія адбываюцца ў сям’і, звязваюцца з яшчэ адной праблемай - карэннай пераменай месцажыхарства: з вясковага ўкладу жыцця на гарадскі. На сённяшні дзень большасць насельніцтва Беларусі жыве ў гарадах, што складае амаль 70% ад усёй колькасці жыхароў. Дынаміку росту гарадскога насельніцтва можна прасачыць з дадзеных статыстыкі, якая паказана па гадах: 1950 г. - 21,0%; 1958-1959 гг. - 29,9%; 1970 г. - 42,7%; 1975 г. - 49,1%; 1980 г. - 55,9%; 1985 г. - 61,2%; 1990 г. - 66,1%; 1995 г. - 67,91%; 2000 г. - 69,7%; 2005 г. - 72,0%. Як бачым, колькасць жыхароў гарадоў з кожным годам няўхільна расце. Узровень гарадскога насельніцтва Беларусі амаль аналагічны з паказчыкамі ў іншых краінах: параўнаем -у ЗША ён дасягае 76,0%, а ў Японіі - 78,0% [1, 149].

Змяненні ўкладу жыцця патрабуюць вырашэння праблем адаптацыі сучаснай сям’і да новых умоў жыцця. Адаптацыя - гэта працэс прыстасавання чалавека да новага асяроддзя пад уплывам эканамічных, сацыяльных і культурных абставін [2, 6-7]. Так, мэтай кожнага чалавека, які мяняе месцажыхарства, з’яўляецца паляпшэнне жыццёвай сітуацыі, вырашэнне асабістых праблем. Сапраўды, стэрэатыпы ў адносінах да горада даволі ўстойлівыя. Так, сучасны горад здольны задаволіць розныя запыты чалавека, перш за ўсё, запыты ў больш якаснай арганізацыі жыцця і прадстаўленні ўмоў для самасцвярджэння. У горадзе чалавек мае магчымасць выбару месца працы, узроўню адукацыі і хутчэйшага далучэння да лепшых узораў сусветнай і нацыянальнай культуры і інш.

У гарадах больш інтэнсіўна адбываюцца працэсы міксацыі, змешвання культурных традыцый прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей: пастаянная аднаўляемасць працэсаў вытворчасці, укаранення інавацыйных тэхналогій прывабліваюць прадстаўнікоў розных краін свету.

ПСГОРЫЯ

49

У выніку адбываецца інтэнсіфікацыя працэсаў міксацыі (змешвання) этнакультурных традыцый розных этнічных груп, у тым ліку і за кошт стварэння інтэрнацыянальных сем’яў. Усе адзначаныя асаблівасці ўплываюць на працэс адаптацыі сям’і да гарадскіх умоў жыцця.

Разам з пазітыўнымі тэндэнцыямі жыцця ў горадзе назіраюцца і негатыўныя -перарыванне сувязей з пакаленнямі сваякоў, аддаленне ад традыцый вясковага жыцця, павышэнне ўплыву культурных традыцый прадстаўнікоў іншых народнасных культур, паслабленне грамадскага кантролю, размыванне этнічных мадэляў паводзін і як вынік - няўменне выбіраць эфектыўныя мадэлі сацыяльных узаемадзеянняў і інш.

Этнакультурныя працэсы, якія адбываюцца ў гарадах, адбіваюцца на функцыях сям’і -рэпрадукцыйнай, гаспадарча-эканамічнай, камунікацыйнай, рэкрэатыўнай, рэгулятыўнай і выхаваўчай. Яны трансфармуюцца, набываюць іншыя адметнасці, у параўнанні з традыцыйнымі сем’ямі. На пачатку ХХ ст. сям’я беларусаў была шматдзетнай і шматпакаленнай, што сведчыла аб устойлівасці працэсаў узнаўлення, а ўжо ў канцы ХХ і на пач. ХХІ стагоддзя сярод сям’яў беларусаў пераважае маладзетная сям’я (адна- ці двухпакаленная), але яна не можа забяспечыць простае ўзнаўленне сваіх членаў. Па дадзеных статыстыкі, па перапісу 1999 г. у рэспубліцы налічвалася 89 тыс. шматдзетных сям’яў, што складала 4,9% ад усёй колькасці сем’яў (усяго налічвалася 1 млн. 806 тыс. 767 сем’яў), на сённяшні дзень іх колькасць скарацілася да 60 тыс. сем’яў, што складае 3,3% ад усёй колькасці зарэгістраваных [3, 7-8]. Відавочна, што ў структуры сям’і адбываюцца рэальныя працэсы скарачэння яе складу, што ўплывае на яе мікраклімат, унутрысямейную культуру, каштоўнасці.

На працягу ХХ ст. паступова мяняецца паняцце галавенства ў сям’і, якое звязваецца з праблемай статусаў і роляў жанчыны і мужчыны, сацыяльнага прызнання раўнапраўнасці жанчыны і мужчыны.

Гендэрныя пытанні ў вывучэнні этнакультурных працэсаў у сучаснай гарадской сям’і -адзін з найважнейшых аспектаў этналагічных даследаванняў. Даследаванне праблем этнічных стэрэатыпаў паводзін мужчын і жанчын, спецыфікі захавання іх рэпрадукцыйнага здароўя, грамадскага прызнання роўнасці бацькоўскіх правоў у выхаванні дзяцей, пераарыентацыі сямейных каштоўнасцей з аднадзетнай сям’і на шматдзетную - вось далёка не поўны пералік тых важных аспектаў, якімі займаецца гендэрная этналогія.

Адбылася трансфармацыя іншых функцый сучаснай гарадской сям’і. Пашырыліся віды працоўнай дзейнасці і занятасці членаў сям’і, узраслі патрабаванні грамадства да адукацыі, прафесійнага статуса, асабістых якасцей членаў сям’і. Калі ў традыцыйным укладзе жыцця амаль усе функцыі сям’і былі падпарадкаваны вырашэнню яе гаспадарча-эканамічных праблем, яе выжыванню, а таксама забеспячэнню пераемнасці духоўных і матэрыяльных традыцый сям’і, рода, то сёння прыярытэты іншыя. Для гарадской сям’і - гэта забеспячэнне функцыі аховы, псіхалагічнага камфорту, узаемападтрымкі і ўзаемаразумення, прадстаўленне магчымасцей для асабістага развіцця кожнага члена сям’і, забеспячэнне роўнакаштоўнасці членаў сям’і.

Сярод сямейнага насельніцтва складваюцца новыя погляды на функцыянальна-прававыя аспекты наследавання. Традыцыя перадачы ў спадчыну дзецям матэрыяльных і духоўных скарбаў з’яўляецца ў наш час выразнай часткай сямейнай культуры гараджан. Гэта спрыяе павышэнню ўзроўню прававой культуры гарадскіх сям’яў, стымулюе цікаўнасць да законаў, якія рэгулююць працэсы наследавання. Можна сказаць, што гэта асаблівасць у сучасных сямейных адносінах становіцца ўстойлівым відам функцыянальна-прававой штодзённай культуры.

Адной з важнейшых функцый з’яўляецца выхаваўчая функцыя сям’і. Мэта выхаваўчай дзейнасці сям’і вельмі значная: праз выхаванне развіваюцца нацыянальныя рысы характару, падтрымліваецца своеасаблівасць беларускага менталітэту. Даведаемся аб некаторых аспектах рэалізацыі гэтай функцыі ў сучаснай сям’і. Намі было праведзена этнасацыялагічнае апытанне 800 сем’яў беларусаў у 30 гарадах рэспублікі, у сталіцы, абласных, сярэдніх і малых гарадах. Усяго было апытана беларусаў-гараджан, якія пражываюць у Мінску, - 191 чал. (23,9%), 208 чал. (26%) беларусаў-гараджан, якія пражываюць у абласных гарадах (Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве), 190 чал. (23,8%) беларусаў-гараджан, якія пражываюць у сярэдніх гарадах (Баранавічах, Полацку, Мазыры, Лідзе, Салігорску, Маладзечна, Бабруйску), 211 чал. (26,4%) беларусаў-гараджан, якія пражываюць у малых гарадах (Іванаве, Каменцы, Жабінцы, Докшыцах, Талочыне, Ветцы, Хойніках, Буда-Кашалёве, Вялікай Бераставіцы, Скідзелі, Беразіне, Слуцку, Жодзіне, Чэрвені, Клецку, Мсціслаўлі, Чэрыкаве) [4, л. 1145-1200]. Сярод пытанняў, якія задаваліся рэспандэнтам, было пытанне аб захаванасці і выкарыстанні традыцый народнай педагогікі ў сямейным выхаванні.

50

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

Рэспандэнтам задавалася пытанне: «Якія педагагічныя метады, прыёмы і сродкі народнай педагогікі беларусаў выкарыстоўваюцца Вамі ў сямейным выхаванні?» Былі атрыманы наступныя адказы: прывучэнне да працы па дому - 94,4%; парада, падтрымка, апека і суправаджэнне дзяцей - 94,3%; асабісты прыклад - 89,3%; навучанне рамёствам - 46,6%; навучанне праз песню, казку, гульню, паданне і г. д. - 45,3%; маральнае ўздзеянне - 38,2%; фізічнае пакаранне - 20,3%.

Па выніках апытання відаць, што перавага ў фарміраванні асобы дзіцяці надаецца выхаванню праз працу, што адпавядае асноўным пастулатам народнай педагагічнай культуры беларусаў. Аднак даволі значнае месца займаюць і пакаральныя метады выхавання, што з’яўляецца трывожнай тэндэнцыяй у сённяшняй сям’і. Для параўнання можна прывесці дадзеныя, атрыманыя намі пры апытанні бацькоў у 1992-1994 годзе ў Мінску. Выкарыстанне фізічнага пакарання як метаду выхавання было зафіксавана ў сем’ях мінчан таксама [5, 116-117].

Г этае ж пытанне было зададзена рэспандэнтам у сем’ях розных тыпаў - малых нуклеарных, няпоўных нуклеарных і ўскладненых нуклеарных. З усёй колькасці апытаных 70,4% склалі малыя нуклеарныя сем’і, 13,6% няпоўныя нуклеарныя сем’і і 16% ускладненыя нуклеарныя сем’і. Да малой нуклеарнай сям’і адносяцца сем’і, у якіх жывуць муж, жонка, дзеці; да няпоўнай нуклеарнай сем’і адносяцца сем’і, у якіх жывуць маці ці бацька з дзецьмі; да ўскладненай нуклеарнай сям’і адносяцца сем’і, у якіх жывуць, акрамя бацькоў і дзяцей, блізкія сваякі. Усе традыцыі выхавання, абраныя рэспандэнтамі, намі былі падзелены на наступныя групы: да першай групы былі аднесены традыцыі выхавання праз уключэнне ў працоўныя віды дзейнасці, да другой - традыцыі выхавання, накіраваныя на карэктыроўку паводзін дзяцей; да трэцяй - традыцыі выхавання, накіраваныя на далучэнне да народнай культуры праз фальклор. Апытанымі ўдзельнікамі былі абраны наступныя адказы:

• прывучэнне да працы - 95,6%, навучанне рамёствам - 50,4% характэрны для няпоўных і малых нуклеарных сем’яў - першая група традыцый выхавання;

• парада, падтрымка, апека - 95,7%, асабісты прыклад - 92,2%, маральнае ўздзеянне -43,5%, фізічнае пакаранне - 20,9% характэрны для няпоўных і малых нуклеарных сем’яў -другая група традыцый выхавання;

• навучанне праз песню, казку, гульню, паданне і г. д. - 52,9% характэрны для малой нуклеарной сям’і - трэцяя група традыцый выхавання.

Як бачым, трэцяя група традыцый аказвае даволі значны ўплыў на дзяцей з малых сем’яў, што з’яўляецца добрай падставай для развіцця гэтага накірунку працы ў сістэме дашкольнай і школьнай адукацыі, у пазашкольнай працы, у рабоце сямейных клубаў. Як мы ўжо адзначылі вышэй, у сямейным выхаванні не абыходзіцца без фізічнага пакарання і маральнага ціску ў адносінах да дзяцей. Дадзеныя апытання ўказваюць на існаванне такіх метадаў у няпоўных нуклеарных сем’ях, што асабліва трывожна, таму, што дзеці могуць застацца безабароннымі, бо сям’я і так мае недахоп у выхавальніках, у прыкладзе для станоўчых узораў. Аднак выяўлена, што гуманныя метады адносін да дзяцей пераважаюць у сістэме жыццядзейнасці сучаснай сям’і і з’яўляюцца найбольш значнымі ва ўздзеянні на дзяцей.

Нормы паводзін, этыкетная культура ў выхаванні дзяцей таксама былі прадметам апытання рэспандэнтаў. На пытанне «Якія нормы этыкету з’яўляюцца характэрнымі для вашых дзяцей?» былі атрыманы наступныя адказы: паважлівыя адносіны да бацькоў - 73,7%; прытрымліванне традыцый застольнага этыкету (ўзоры паводзін за сталом, веданне этычных нормаў падтрымкі, падтрыманне традыцый сумесных абедаў усёй сям’ёй) - 45,9%; адказныя адносіны да хатніх спраў, дапамога бацькам - 41,8%; выкананне бацькоўскіх парад - 41,0%.

З прыведзеных дадзеных вынікае, што ў сямейным этыкеце захоўваюцца традыцыі паважлівых адносін да старэйшых, перш за ўсё бацькоў, выконваюцца правілы застольнага этыкету. Адносна тыпу сям’і быў зроблены наступны выбар норм этыкету: паважлівыя адносіны да бацькоў характэрны для ўскладненых нуклеарных сем’яў (80%); застольны этыкет (узоры паводзін за сталом, веданне этычных правіл вядзення бяседы, падтрыманне традыцый сумесных абедаў усёй сям’ёй); адказныя адносіны да хатніх спраў, дапамога бацькам характэрны для малых нуклеарных сем’яў (47,4%; 45,7%); выкананне бацькоўскіх парад - для няпоўных нуклеарных сем’яў: 54,6% апытаных.

Як відавочна з апытання рэспандэнтаў, у сучасных сем’ях беларусаў-гараджан шануюцца традыцыі народнай педагогікі і этыкету.

ПСГОРЫЯ

51

Фарміраванне сучасных пакаленняў беларусаў - цэласны працэс, які ўключае бытаванне традыцыйных сямейных абрадаў. Сямейна-бытавыя абрады як частка духоўнай спадчыны беларускага народа, у якой зафіксаваны найбольш значныя этнічныя ідэалы, і сёння суправаджае сучасную сям’ю.

Сярод важнейшых сямейных абрадаў - абрад нараджэння дзіцяці. Якія этнакультурныя змяненні назіраюцца ў бытаванні традыцыі сёння, якія рэшткі традыцыі з’яўляюцца найбольш выразнымі? У выніку апытання было высветлена наступнае: большасць апытаных бацькоў рэгістравалі народжанае дзіця ў ЗАГСах, але ж пры гэтым 74,4% хрысцілі сваіх дзяцей у храме (ці хаця б адно дзіця). Нараджэнне дзіцяці было адзначана ўрачыста ў сям’і ў 62,8% апытаных бацькоў, у 11,6% сем’яў былі выкарыстаны элементы народных традыцый у гэты святочны вечар.

Большая частка бацькоў запрашала для выканання ролі хросных бацькоў сваякоў, блізкіх ці добра знаёмых людзей. Яны кіраваліся меркаваннем, што хросныя бацькі -маральныя настаўнікі, носьбіты традыцый і звычаяў, «другія бацькі» для дзяцей (42,2%). Частка бацькоў лічыць, што хросныя бацькі не адыгрываюць значнай ролі ў жыцці дзяцей (37,8%), што хросныя бацькі патрэбныя толькі для выканання абраду хрышчэння дзіцяці (17,5%), і не далі адказу 2,4% апытаных.

Імянарачэнне - важная частка радзіннага абраду. Амаль трэцяя частка апытаных бацькоў адказала, што імёны перадаюцца па роду ў іх сям’і. Аднак значная частка рэспандэнтаў, што склала амаль 70% ад апытаных бацькоў, не захоўвае гэту традыцыю. Вось некаторыя імёны, якія выбіраюць маладыя бацькі для сваіх дзяцей: Аляксандр, Дзмітрый, Сяргей, Вольга, Наталля, Таццяна, Ганна, Марыя і інш. Як правіла, на пытанне, чаму Вамі абрана тое ці іншае імя, інфарматары па тэме апытання выказвалі наступныя меркаванні: «У нас не было пэўнай мэты ў выбары імя для нашага сына, імя выбраў наш старэйшы сын, ён сказаў, што хацеў бы назваць брата Дзянісам і мы пагадзіліся» (Ірына К., 34 гады); «Мы выбіралі імя для сваёй дачкі, чыталі розныя кнігі пра імёны, дазнаваліся пра іх сутнасць, прымяркоўвалі да імя па бацьку» (Іна, Андрэй, 35, 36 год); «У нас імя сыну дала бабуля - ёй падабалася імя яе мужа, які загінуў у вайну, гэта значыць, што імя нашага сына перайшло ад дзеда» (Марыя і Канстанцін, 38, 40 год) [4, л. 1145-1200].

Як бачым, сучасная сям’я захоўвае асноўныя абрадавыя элементы радзіннага абраду, такія, як хрышчэнне дзяцей у храме, захаванне інстытута хросных бацькоў, традыцыя перадачы імён ад старэйшых да малодшых пакаленняў.

Сярод кола выхавальнікаў па сіле ўздзеяння на дзіця, яго асобу выключнае значэнне мае маці. Маці - першая выхавацелька сваіх дзяцей, настаўніца, самы дарагі і мілы чалавек. У нашым апытанні мы ставілі задачу атрымаць адказы на пытанне аб маці перш за ўсё таму, што ў апошнія часы мяняюцца адносіны да маці, вобраз жанчыны-маці атрымлівае негатыўныя фарбы. Менавіта ў апошняй трэці мінулага стагоддзя ва ўжытак трывала ўвайшлі такія паняцці, як «маці-зязюля», «маці без бацькоўскіх правоў», «маці-алкагалічка» і інш. Таму важна сёння даведацца, ці не пахіснуліся меркаванні дзяцей аб сваіх бацьках. «Як характарызуюцца вашыя адносіны да маці?» - рэспандэнтам было зададзена такое пытанне і вось якія вынікі былі атрыманы:

• паважлівае стаўленне да маці - 89,1%;

• падарункі (ў дні свят, дні нараджэння) - 93,9%;

• беражлівыя адносіны (клопат, апека, падтрымка, дапамога) - 89,9%;

• выказванне слоў прабачэння, пакаянне - 80,9%;

• абмеркаванне асабістых праблем з маці і атрыманне парады - 73,3%.

Рэспандэнты ўсіх тыпаў сем’яў (малых нуклеарных, няпоўных нуклеарных і ўскладненых нуклеарных) выказалі пазітыўныя меркаванні адносна маці, матулі; пазіцыя «абмеркаванне асабістых праблем з маці і атрыманне парады» атрымала найменьшую колькасць адказаў. Як бачым, узрастаючая самастойнасць і аўтаномнасць сем’яў, зніжэнне ўплыву традыцыйных маральных ідэалаў і каштоўнасцей уплывае на меркаванні дзяцей.

У цэлым, у адносінах да маці пераважае эмацыянальна-пачуццёвы тып адносін. Рэспандэнтам было зададзена яшчэ адно пытанне, якое мела на мэце зразумець, ці з’яўляецца жыццё бацькоў, у тым ліку і маці, мадэллю для пераймання і ўзорам для асабістага жыцця. Былі атрыманы наступныя вынікі: большасць рэспандэнтаў хацела б, каб адносіны да іх дзяцей былі падобнымі на тыя, якія яны атрымлівалі ад сваіх бацькоў, у сваіх бацькоўскіх сем’ях. Аднак 17,4% апытаных далі адмоўны адказ, што з’яўляецца падставай для роздуму.

52

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

Пераемная сувязь паміж бацькамі і дзецьмі ажыццяўляецца праз матэрыяльную падтрымку. Здаўна традыцыя матэрыяльнай падтрымкі, апекі нават над дарослымі дзецьмі з’яўлялася нормай этычных адносін паміж пакаленнямі. Ці захоўваецца гэта традыцыя сёння? Апытаныя адказалі, што яны атрымліваюць матэрыяльную дапамогу ад бацькоў рэгулярна - 27,2%; частка апытаных -зрэдку, час ад часу - 39,5%, дапамогу ў вядзенні хатніх спраў - 23,6%, дапамогу ў доглядзе і выхаванні дзяцей - 41,8%, атрымліваюць маральныя парады - 55,8%. Як відавочна, традыцыю аказання бацькамі матэрыяльнай дапамогі сваім дзецям падтрымлівае амаль трэцяя частка апытаных рэспандэнтаў. Наколькі істотнай з’яўляецца бацькоўская дапамога, якія меркаванні выказвалі апытаныя?

«Бацькоўская дапамога хутчэй носіць сімвалічны характар, мы маглі б пражыць без яе», -так лічаць 47,2% апытаных гараджан; «бацькоўская дапамога для нас мае істотны характар, мы маглі б пражыць без яе, але з вялікімі цяжкасцямі», - такі адказ далі 30,5% рэспандэнтаў, «бацькоўская дапамога для нас мае істотны характар, мы не змаглі б пражыць без яе», -прызналіся 9,5% удзельнікаў, астатнія - 12,9% не адважыліся даць адказ на пастаўленае пытанне.

Відавочна, што мадэль бацькоўска-дзіцячых адносін, на прыкладзе функцыянавання традыцыі матэрыяльнай дапамогі, з’яўляецца даволі ўстойлівай з’явай, якая, з аднаго боку, указвае на захаванасць традыцыйных элементаў у побыце, а з другога, дазваляе меркаваць аб фінансава-матэрыяльным забеспячэнні сучасных сем’яў.

Вывады

Такім чынам, змяненні ва ўкладзе жыцця сучаснай сям’і беларусаў уплываюць на этнакультурныя працэсы, якія відазмяняюцца, аднаўляюцца і ўзбагачаюцца новымі формамі культуры, што праяўляецца ў выкананні сям’ёй важнейшых функцый - выхавання будучых беларусаў і забеспячэння пераемнай сувязі паміж пакаленнямі. Сучасная сям’я беларусаў прыстасоўваецца да новых для яе ўмоў жыцця ў горадзе, адшуквае больш эфектыўныя мадэлі сацыяльных ўзаемадзеянняў. Нацыянальныя традыцыі, якія падтрымліваюцца сем’ямі ў штодзённым жыцці, з’яўляюцца асновай для іх гарманічнага існавання і раўнавагі. Яны з’яўляюцца асновай стварэння механізму адаптацыі сям’і да новых умоў жыцця, у якім роля традыцыйных форм культуры з’яўляецца найбольш натуральнай і непрымусовай.

Літаратура

1. Раков, А. А. Трансформация демовоспроизводства села Беларуси в контексте урбанизации, НТР и перехода к постиндустриальному обществу / А. А. Раков // Социология. - 2007. - № 3. - С. 144-154.

2. Словарь социального педагога и социального работника / под ред. И. И. Калачёвой, Я. Л. Коломинского, А. И. Левко. - Минск : Бел. энциклопедия, 2003. - 253 с.

3. Социально-экономическое положение домашних хозяйств. 2005 / Министерство статистики и анализа Республики Беларусь. - Минск, 2005. - 134 с.

4. Этнокультурные процессы в городской семье белорусов на современном этапе: материалы опроса, 2006-2008 гг. // Архив института искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы НАН Беларуси. - Фонд 6. - Оп. 14. - Д. 142.

5. Калачова, І. І. Народныя традыцыі і звычаі выхавання: этнапедагагічная спадчына народаў Беларусі / І. І. Калачова. - Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 1999. - 179 с.

Summary

This article depicts the problems of a modern belarusian city family, the transformation of family’s basic functions is described. Also the possibilities of national belarusian culture as a mechanism of adaptation of a family to the new circumstances of city life are analyzed in this article.

Паступіў у рэдакцыю 26.12.08.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.