УДК 947.6 (476)
НАШ КРАЙ У ГАДЫ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ
М.В. ЦУБА
Палескі дзяржаўны універсітэт Г. Пінск, Рэспубліка беларусь
1 жніўня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. Беларусь стала прыфрантавой паласой Паўночна-Заходняга фронту. Ужо ў першы дзень вайны з’яўляецца распараджэнне мінскага губернатара аб увядзенні ў Мінскай губерні, у склад якой ўваходзіў Пінскі павет, ваеннага становішча. У сувязі з гэтым уся паўната ўлады перадавалася тут у рукі ваенных. А спецыяльныя пастановы начальніка Мінскай вайсковай акругі генерала Е.А. Рауш фон Траунберга выдадзеныя ў гэты час падкрэслівалі, што ўсе асобы, у тым ліку і грамадзянскае насельніцтва, “... падлягаюць ваеннаму суду і пакаранню па законах ваеннага часу аж да смяротнай кары: 1) за бунт супраць вярхоўнай улады, 2) за наўмысны падпал... і г. д. [1]. Акрамя таго прысланы ў Пінск ятттчэ адзін цыркуляр фон Траунберга патрабаваў ад мясцовага кіраўніцтва “Самым уважлівым вобразам ставіцца да настрояў насельніцтва і да ўсіх праяў грамадкасці. У выпадках малейшага супраціўлення натоўпа патрэбна рашуча прымаць крайнія меры аж да прымянення, згодна існуючым правілам, зброі” [2]. Вялікае значэнне ў гэты час надавалася прадухіленню забастовак на Палескай чыгунцы. З пастановы асобнага камітэта пры кіраванні Палескай чыгункі ад 14 жніўня 1914 г. паведамляецца, што “Асобы камітэт лічыць неабходным падтрымліваць бесперарыўныя правільныя зносіны на станцыях Ліда, Баранавічы, Лунінец, Ваўкавыск, Маладзечна, Гомель і Пінск” [3].
Нягледзячы на ваенны час і прынятыя у сувязі з ім меры грамадскае жыцце на Піншчыне да сярэдзіны вясны 1915 года працякала адносна спакойна. Гэта назіраецца з паведамлянняў перыядычнага друку: “Дзякуючы таму, што Пінск сёння з’яўляецца адным з галоўных пунктаў оптавага гандлю суконных вырабаў, у Пінск прыязжаюць купцы з больш буйных гарадоў Паўночна-Заходняга краю за таварам, таксама узмацнілася дзейнасць мясцовых крэдытных устаноў па правядзенню розных грашовых аперацый”, альбо “... группа віцебскіх капіталістаў-тэхнікаў распачынае перамовы аб прадастаўленню ім дазволу на ўсталяванне ў Пінску электычнага асвятлення. Мяркуецца па атрыманні дазволу, адразу распачаць працу звязаную з пабудовай электрычнай станцыі” [4]. Па знойдзеных архіўных матэрыялах можна меркаваць, што вялікую ролю ў грамадска-палітычным жыцці пінчан адыгрывала Яўрэйская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя “Паалей-Цыён” (Рабочыя Сіёна), так як менавіта ў Пінску адбылася агульнадзяржаўная канферэнцыя гэтай партыі ў сакавіку 1915 года, якая выпрацавала свае падыходы і пазіцыю ў адносінах да Першай сусветнай вайны [5].
Аднак сітуацыя хутка пачала мяняцца ў сувязі з наступам кайзераўскіх войск
(канец красавіка - май 1915 г.) на ўсходнім фронце, калі расійская армія панёсшы вялікія сграіы вымушана была адступіць з Польшчы. Гэта зрабіла свой адбітак і на публікацыях артыкулаў у мясцовай газеце: “На брацкіх праваслаўных могілках на сродкі ваеннага фонду, пабудавана прыгожай архітэкіуры драўляная царква-часоўня. У хугкім часе адбудзецца яе святочнае асвяшчэнне” [6] (мал. 1).
Мал. 1 Царква-часоўня па ўшанаванні памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. 1915 г
У гэтай жа газеце паведамляецца аб дастаўцы ў наш горад параненых на фронце салдат: “29 красавіка (1915г.) праз станцыю Пінск праследавала 1000 параненых, эвакуіраваных ў іншыя гарады . Некалькі соцень чалавек астаўлены ў Пінску і размешчаны ў мясцовых шпіталях” [7].
З лета 1915 года Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. Маўклівымі сведкамі кравапралітных баёў ад Брэста да Пінска і зараз з’яўляюцца шматлікія могілкі часоў першай сусветнай вайны і доты (мал. 2).
Мал. 2 Могілкі часоў Першай сусветнай вайны на Піншчыне
Г азета “Объединение”, якая выходзіла ў Пінску да пачатку кайзераўскай акупацыі, летам 1915 года пісала аб стварэнні пінскім гарадскім галавой В.П. Чайкоўскім Пінскага ваенна-прамысловага камітэта і аб мерапрыемствах па агульнай мабілізацыі [8].
Вядома, што ў гэты час на вайну было мабілізавана 53% пінчукоў ад агульнай колькасці дарослага мужчынскага насельніцтва горада.
Пры набліжэнні фронта да Пінска, амаль усё дарослае насельніцтва горада і павета прыцягвалася да выканання абарончых работ. У сувязі з чым, пінская земская управа хадатайнічала перад начальнікам Мінскай губерні аб дазволе, “...выкарыстоўваць працу ваеннапалонных, бежанцаў і мясцовых жыхароў для выканання неадкладных работ” [9]. Пасля чаго гарадское кіраўніцтва, як істотную частку мясцовага насельніцтва, так і шматлікіх бежанцаў, якія запаланілі Піншчыну, старалася любымі сродкамі выправіць у глыбокі тыл. Жорсткую пазіцыю ў адносінах да такіх бежанцаў занялі ваенныя ўлады. Бачачы, што вялікая колькасць людзей перашкаджае хуткаму манеўраванню войскаў, галоўнакамандуючы Заходнім фронтам А. Эверт загадваў: “Тых, што не маюць прытулку і ўдакаваліся ў полі і буданах, высяляць прымусова на ўсход за Днепр, таму што бадзяючыся без прытулку і яды, гэтыя бежанцы з’яўляюцца пастаяннай пагрозай парадку і грамадскаму спакою” [10]. Па загаду вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміяй вялікага князя Мікалая Мікалаевіча, прыхільніка тэорыі “спаленай зямлі”, пакінутыя непрыяцелю беларускія вёскі падлягалі бязлітаснаму знішчэнню. Аб чым расказваюць і афіцыйныя звесткі германскага генеральнага штаба, паведамляючы аб ваенных дзеяннях у пінскім напрамку: “Уся мясцовасць, па якой адступаў праціўнік, была нямым сведкам супраць падпальшчыкаў уласнага народа. Усюды, куды не прыходзілі нашы войскі, яны знаходзілі пакінутыя і людзьмі, і жывёламі груды камянёў, на якіх то тут, то там тырчалі трубы. Даволі рэдка пападаліся цэрквы, над якімі злітаваліся нават казакі. Вось і ўсё, што ўцалела на шляху адступаючых расійскіх армій” [11, с. 44-45]. У сваю чаргу ў аглядзе расійскай надзвычайнай следчай камісіі адзначаецца, што “...У жніўні 1915 г. 8-мі кіламетрах ад Пінска варожая артылерыя абстраляла снарадамі з задушлівым газам табар бежанцаў” [12, с. 796]. Спрабуючы абяліць сябе ў сувязі з вялікімі стратамі мірнага беларускага насельніцтва у ходзе наступлення пад Пінскам і ўсю віну зваліць толькі на расійскія войскі, зводка германскага камандавання паведамляла: “З лютасцю, якая павінна выклікаць у нашага народа і войскаў пачуццё глыбокай агіды, рускія для маскіроўкі сваіх пазіцый пагналі тысячы людзей: сваіх землякоў - мужчын, жанчын і дзяцей насустрач нашаму наступленню. Нявольна ад нашага агню былі ахвяры” [13, с. 50]. Але гінулі людзі не толькі ад снарадаў і куль. Тыф, халера і іншыя хваробы, голад, адсутнасць медыцынскай дапамогі касілі людзей не менш, чым зброя.
15 верасня 1915 г. кайзераўскія войскі захапілі Пінск. Далей наступ немцаў быў спынены і фронт надоўга стабілізаваўся непадалёку ад вёскі Гарадзішча. У выніку частка пінскага павета аказалася пад германскімі
войскамі, а частка засталася пад расійскімі. У горадзе і навакольных вёсках былі раскватэраваны германскія салдаты (мал. 3).
Мал. 3. Нямецкія салдаты ў Пінску. 1915 г.
Тут быў усталяваны жорсткі акупацыйны рэжым. Насельніцтва застаўлялі ў прымусовым парадку рамантаваць масты, дарогі, нарыхтоўваць і вывозіць лес. Каб папярэдзіць выступленні супраць акупацыйнага рэжыму, германскія ўлады выдавалі пагрозлівыя загады. Людзям забаранялася хадзіць альбо ездзіць з аднаго населенага пункта ў другі, нават для наведвання царквы патрэбны былі спецыяльныя пропускі. Не дазвалялася прадаваць мясапрадукты, лавіць рыбу, карміць коней аўсом, забіваць жыўнасць без дазволу і г.д. За самае нязначнае парушэнне распараджэнняў нямецкіх улад жыхары падвяргаліся штрафам, турэмнаму зняволенню і нават пакаранню смерцю.
Усё гэта выклікала справядлівае абурэнне пінчукоў. У выніку мелі месца факты забойства кайзераўскіх ваенных чыноўнікаў, падпалы будынкаў адміністрацыі і складаў з прадуктамі, дыверсіі на чыгунцы, а з канца 1915 г. у наваколлі Пінска пачалі дзейнічаць группы партызан. Кіраўніцтва партызанскай барацьбой тут узначаліў А.М. Ільін. Але акрамя тутэйшых партызан, якім актыўна дапамагалі мясцовыя жыхары, на Піншчыне яшчэ знаходзіліся партызанскія атрады, накіраваныя сюды з Украіны камандаваннем Паўднёва-Заходняга фронту. Аб іх дзейнасці вядомы генерал А.А. Брусілаў расказвае наступнае: “Іваноў (галоўна-камандуючы Паўднёва-Заходнім
фронтам), узяўшы прыклад з вайны 1812 года, загадаў сфарміраваць ад кожнай дывізіі ўсіх армій фронту па партызанскаму атраду, затым даў загад ім рушыць на паўночны захад Палесся, дазволіўшы поўны прастор для дзеянняў. ...Выходзілі бясконцыя непаразуменні з мясцовымі жыхарамі, прычым, прызнаваючы толькі асабіста Іванова, гэтыя партызаны прычынялі безліч грабяжоў і мелі вельмі малую схільнасць ваяваць з ворагам. У апошнім я іх цалкам апраўдваў, бо на Пінскіх балотах рабіць конныя набегі было немагчыма,
і яны нават калі б і хацелі весці конныя баі, усё роўна ні ў якім выпадку не змаглі б гэтага выканаць” [14, с. 169-170].
Безумоўна, балоцісты раён Агінскага канала не мог стаць спрыяльным месцам для поўнамаштабных ваенных дзеянняў. Але выкарыстаўшы дапамогу мясцовых жыхароў і расцягнутасць нямецкай абароны ў выглядзе сістэмы блак-гаузаў, расійскім войскам тут удалося правесці сапраўды ўнікальную аперацыю. Даведаўшыся, што ў прыфрантавую вёску Невель прыбыла значная групоўка нямецкіх салдат і афіцэраў, штаб 4-ай расійскай арміі пад камандаваннем генерала А.Ф. Рагозы стварыў спецыяльны знішчальны атрад, у асноўным з мясцовых жыхароў, якія служылі ў расійскім войску. Ноччу непрыкметна для ворага гэты атрад з дапамогай мясцовых праваднікоў прабраўся праз лінію фронта і нечакана напаў на германскі гарнізон у Невелі. У выніку напада было знішчана каля 500 нямецкіх салдат і афіцэраў і ўзяты ў палон нямецкі генерал. Вядома, што аперацыяй па разгрому германскага гарнізона ў Невелі камандаваў афіцэр расійскай арміі, поўны кавалер Георгіеўскага крыжа, тутэйшы жыхар, ураджэнец вёскі Махро С.І. Паўлюкавец [15, с. 99-100].
Складаным і небяспечным было становішча і ва ўсходняй частцы Пінскага павета. Цяжкасці забяспячэння, разруха на чыгуначным транспарце паставілі расійскую армію на фронце перад неабходнасцю самастойнага правядзення рэквізіцый. У выніку ваенныя улады прымушалі насельніцтва прадаваць па зусім таннаму кошту жывёлу, коней, фураж, харчаванне. На месцах баявых дзеянняў вытоптваліся сялянскія палі, знішчаліся пасевы. У дакладзе Пінскага павятовага іспраўніка мінскаму губернатару ад 7 студзеня 1916 г. паведамляецца, што “Настрой насельніцтва ў частцы павета не захопленага праціўнікам працягвае заставацца падаўленым і трывожным, з-за апаскі, што вораг можа заняць астатнюю яго частку. Сялянскае насельніцтва павета толькі ў малой ступені занята дамашнімі работамі, так як па выпадку блізкасці ваенных дзеянняў сельска-гаспадарчае жыццё поўнасцю разладжана... З крымінальных злачынстваў болей вядомым з’яўляецца выпадак забойства, з мэтай грабежа, у ноч на 10 снежня 1916 года невядомымі двумя казакамі мяшчан аколіцы Сернічкі, Петра, Андрэя, Івана Палюховічаў і ранення ў галаву Карпа Палюховіча” [16].
Голад, холад, бяспраўе, паражэнні ў вайне прывялі да масавага дызерцірства і марадзёрства сярод расійскіх салдат, выклікалі сярод іх стыхійныя незадавальненні. Усё шырэй распаўсюджвалася братанне салдат варагуючых армій (мал. 4).
Ужо на пачатку 1917 года разлажэнне расійскай арміі дасягнула такіх вялікіх памераў, што з былой вернай апоры царызму, яна пераўтварылася ў грозную небяспеку для яго. У гэтым жа годзе адбываюцца Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, але найбольш паўплываўшай на падзеі на Піншчыне аказалася лістападаўская рэвалюцыя 1918 года ў Германіі. У сувязі з якой нямецкі ўрад быў вымушаны адклікаць свае войскі з захопленых у ходзе
вайны тэрыторый. А ў значнай ступені прыспешыла яго выканаць гэтую справу Палескае паўстанне, якое ахапіла ўвесь Пінскі павет. У ноч на 22 студзеня 1919 года паўстанцкія палкі Разановіча і Казубоўскага разам з 152-м з палком 17-й Брыгады Чырвонай арміі ўступілі ў Пінск. Рэгулярных германскіх вайсковых часцей у горадзе ўжо не было.
Вялікі гістарычны шлях прайшла Піншчына. Нямала цяжкасцяў узнікала на гэтым шляху. Аналізуючы падзеі першай сусветнай вайны, хацелася б, каб гэтыя падзеі не проста ажывілі старонкі мінулага, а з’явіліся напамінам сённяшнім людзям аб вайне, як страшным і крававым бедстве.
Мал 4. Братанне расійскіх і нямецкіх салдат каля Агінскага каналу. 1917 г.
Літаратура:
1. НАРБ ф. 705, воп. 1, с. 27, л. 59
2. НАРБ ф. 295, воп. 1, с. 8600, л. 546
3. ГА Мінскай вобл. ф. 295, с. 10591, л. 59
4. Да будет свет! // Объединение: Газета Полесья. - 1915 . - 25 апреля
5. НАРБ ф. 60, воп. 3, с. 73.
6. Выстроена церковь // Объединение: Газета Полесья. - 1915. - 1 мая
7. Прибытие раненых // Объединение: Газета Полесья. - 1915. - 1 мая
8. Большой сбор // Объединение: Газета Полесья. - 1915. - 12 июля
9. Дело есть, рабочих нет // Объединение: Газета Полесья. - 1915. - 19 июля
10. НАРБ ф. 295, воп. 1. Спр. 11011. Л. 288
11. Мировая война в отдельных операциях. Бои на реке Зап. Буге летом 1915г. Обработана по официальным данным Германского Генерального штаба в 1917г. капитаном Пэльман. Петроград, 1921, 73с.
12. Документы и материалы по истории Белоруссии (1900-1917 гг.) Мн., 1953, Т. 3
13. Мировая война в отдельных операциях. Указ. соч.
14. Брусилов, А.А. Мои воспоминания М., 1983. - 267 с.
15. Памяць: гіст.-дакум. Хроніка Іванаўскага раёна - Мн.: БЕЛТА, 2000. - 592 с.
16. НАРБ ф. 295, воп. 1, с. 9184, лл. 19, 20.
OUR LAND IN THE YEARS OF WORLD WAR I TSUBA M.V.
Summary
This article is devoted to the events of World War I in Pinsk region. The author studies the influence of the war on the population of the region, analyses difficulties and hardships, which fell on the lot of poleshuks during the introduction of martial law, mobilization, refuge-seeking, military actions in our region, occupation.
Паступіў у рдакцыю 20 сакавіка2008 г.