Научная статья на тему 'Мараль і сацыялізацыя ў апавяданні Алеся Асташонка “Супер”'

Мараль і сацыялізацыя ў апавяданні Алеся Асташонка “Супер” Текст научной статьи по специальности «Языкознание и литературоведение»

CC BY
355
62
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.
Ключевые слова
асоба / грамадства / каштоўнасныя арыенціры / сацыялізацыя / сацыяльная адаптацыя / мараль / свядомасць / псіхалогія / мастацкая літаратура / personality / society / values / socialization / social adaptation / ethics / consciousness / psychology / fiction.

Аннотация научной статьи по языкознанию и литературоведению, автор научной работы — Л В. Алейнік

У артыкуле разглядаецца адлюстраванне маральных аспектаў сацыялізацыі асобы ў сучаснай мастацкай літаратуры. Прадметам даследавання з'яўляецца апавяданне беларускага пісьменніка Алеся Асташонка "Супер". Аналізуюцца мастацкія інтэпрэтацыі псіхалогіі і светапогляду персанажаў, выяўляецца ўзаемасувязь іх маральных якасцей і сацыяльных паводзін. Даследуюцца асаблівасці кампазіцыі твора і наратыўнай стратэгіі аўтара. Вызначаецца роля мастацкай літаратуры, як сацыякультурнай практыкі, якая валодае гнасеалагічным патэнцыялам, спрыяе эфектыўнаму засваенню сацыяльных роляў, асэнсаванню грамадскіх каштоўнасцей і маральных норм, садзейнічае прадуктыўнай сацыялізацыі, сацыяльнай адаптацыі і аксіялагічнаму станаўленню асобы.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.
iНе можете найти то, что вам нужно? Попробуйте сервис подбора литературы.
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

MORALITY AND SOCIALIZATION IN THE STORY "SUPER" BY ALES ASTASHONOK

The article studies the reflection of moral aspects of socialization in contemporary fiction. "Super", a story by a Belarusian writer Ales Astashonok, is an authoritative text. The article analyzes artistic interpretations of psychology and philosophy of the characters, reveals the interrelation of their moral qualities and social behavior. It studies peculiar properties of the story composition and the author‘s narrative strategies. The article defines the role of literature as sociocultural practice that has epistemological potential, facilitates effective development of social roles, perception of public values and moral standards, promotes productive socialization, social adaptation and axiological formation of personality.

Текст научной работы на тему «Мараль і сацыялізацыя ў апавяданні Алеся Асташонка “Супер”»

ФІЛАЛАГГЧНЫЯ НАВУКІ

109

Ф І Л А Л А Г І Ч Н Ы Я Н А В У К І

УДК 821.161.3.09

Л. В. Алейнік

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, кафедра беларускай літаратуры і культуры філалагічнага факультэта,

БДУ, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

МАРАЛЬ І САЦЫЯЛІЗАЦЫЯ Ў АПАВЯДАННІ АЛЕСЯ АСТАШОНКА “СУПЕР”

У артыкуле разглядаецца адлюстраванне маральных аспектаў сацыялізацыі асобы ў сучаснай мастацкай літаратуры. Прадметам даследавання з'яўляецца апавяданне беларускага пісьменніка Алеся Асташонка "Супер". Аналізуюцца мастацкія інтэпрэтацыі псіхалогіі і светапогляду персанажаў, выяўляецца ўзаемасувязь іх маральных якасцей і сацыяльных паводзін. Даследуюцца асаблівасці кампазіцыі твора і наратыўнай стратэгіі аўтара. Вызначаецца роля мастацкай літаратуры, як сацыякультурнай практыкі, якая валодае гнасеалагічным патэнцыялам, спрыяе эфектыўнаму засваенню сацыяльных роляў, асэнсаванню грамадскіх каштоўнасцей і маральных норм, садзейнічае прадуктыўнай сацыялізацыі, сацыяльнай адаптацыі і аксіялагічнаму станаўленню асобы.

Ключавыя словы: асоба, грамадства, каштоўнасныя арыенціры, сацыялізацыя,

сацыяльная адаптацыя, мараль, свядомасць, псіхалогія, мастацкая літаратура.

Уводзіны

Пільная ўвага сучаснай навукі да праблемы сацыялізацыі асобы абумоўлена некалькімі прычынамі. Паспяховая рэалізацыя чалавека ў сучасным свеце патрабуе актыўнай жыццёвай пазіцыі, аператыўнага засваення сацыяльна-грамадскіх змен. Сучаснай моладзі даводзіцца канструяваць сваю будучыню ва ўмовах новай сацыяльнай рэчаіснасці - на фоне радыкальных змен маральных прыярытэтаў і каштоўнаснай іерархіі, у сітуацыі, калі механізм узнаўлення каштоўнасных арыентацый перастае быць вядучым, саступаючы месца адаптацыйным механізмам. У гэтым кантэксце набывае новую актуальнасць гнасеалагічны патэнцыял мастацкай літаратуры, якая ва ўсе часы арыентавалася на асэнсаванне складаных пытанняў быцця, унутранага свету асобы і, несумненна, істотна ўплывала на грамадскую практыку. “Месца мастацкай літаратуры ў духоўнай сферы жыцця грамадства абумоўлена яе зместам і сутнасцю і выяўляецца ў яе функцыях, значэнні ў развіцці соцыуму і сацыялізацыі асобы. <...> Мастацкая літаратура задавальняе цэлы комплекс духоўных патрэб грамадства і асобы, уздзейнічае на вельмі шырокую сферу псіхікі, на светапогляд, маўленне, маральныя паводзіны ў грамадстве, калектыве, сям’і, на эстэтычнае і мастацкае развіццё - на фарміраванне (сацыялізацыю) чалавека” [1, 20].

Такім чынам, этычныя праблемы, вобразна адлюстраваныя ў літаратурных творах, дазваляюць чытачу атрымаць апасродкаваны жыццёвы досвед - прааналізаваць сітуацыю, увасобленую ў сюжэце, даць ёй ацэнку, асэнсаваць свае індывідуальныя маральныя якасці і прынцыпы. Іншымі словамі, чытач мае магчымасць пазнаёміцца з той практыкай сацыялізацыі, якая зафіксавана ў мастацкім тэксце.

Вынікі даследавання і іх абмеркаванне

У сучаснай беларускай літаратуры, адрасаванай моладзі, нямала выдатных мастацкіх твораў, якія яшчэ не разглядаліся ў кантэксце праблемы сацыялізацыі асобы, маральны патэнцыял якіх яшчэ не ацэнены належным чынам філалагічнай навукай. Перш за ўсё гэта датычыцца ўзораў малой эпічнай жанравай формы - апавяданняў, навел, нарысаў. Сярод іх - творы А. Федарэнкі, А. Наварыча, У. Сцяпана, М. Клімковіча, С. Верацілы, В. Гапеева і іншых пісьменнікаў. Да іх ліку

© Алейнік Л. В., 2015

110

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

належыць гэтаксама апавяданне Алеся Асташонка “Супер”, якое вызначаецца вострасюжэтнасцю, арыгінальным выяўленнем унутранага свету галоўнага героя, даследаваннем маральных аспектаў працэсу сацыялізацыі асобы.

Аўтар адмыслова сутыкае ў сюжэце герояў-антыподаў - маладога чалавека, які мае вельмі высокі сацыяльны рэйтынг, і дзяўчыну, якая знаходзіцца фактычна на сацыяльным дне. Самапазіцыяванне гэтых герояў, імкненне сцвердзіць сваё “Я” як годнае, каштоўнае, у сітуацыі зносін вядзе не да паразумення, а да канфлікту, агрэсіі, а затым і гвалту. А. Асташонак паказвае жорсткую сацыяльную абумоўленасць, амаль безальтэрнатыўнасць такой камунікацыі ва ўмовах сучаснага ладу жыцця. Прычына гэтай жорсткасці, амаль безвыходнасці - у неразвітасці маралі. Тая ісціна, што дэвальвацыя самога статусу маралі ў жыцці грамадства мае катастрафічныя наступствы, безумоўна, не новая. Аднак найважней кожны раз нанова сцвярджаць яе ў яскравых мастацкіх формах, пазнавальных для моладзі, для кожнага новага маладога пакалення.

Галоўны герой твора - паспяховы малады чалавек, узорны студэнт прэстыжнай навучальнай установы, які дакладна ведае, чаго хоча дасягнуць у жыцці, і дзеля рэалізацыі сваіх дзёрзкіх планаў мэтаскіравана працуе. “Дзець пачынаўся з гімнастыкі і душа. Да абеду - заняткі ў інстытуце. Пасля - гадзіна ў лінгафонным кабінеце. Там і па праграме працавалі шмат, але ён штодня наведваў гэты пакой самахоць: зацятасць вядзе да поспеху. <...> За інстытуцкія заданні браўся пасля вячэры. Трох гадзін падрыхтоўкі хапала - у залікоўцы былі толькі пяцёркі. Два разы на тыдзень, каб падтрымаць фізічную форму, ён гуляў у тэніс. Раней займаўся культурызмам і каратэ, але, зразумеўшы, што часу на ўсё не хопіць, кінуў. <...> Не мог ён марнаваць час на другарадныя рэчы. Калі ўжо ўгрызацца ў жыццё, дык з усяе сілы - інакш свайго не дамагчыся” [2, 62-63].

Малады чалавек выдатна ўсведамляе сваю паспяховасць, свой высокі сацыяльны статус. Але на яго самаацэнку, несумненна, уплывае і стаўленне іншых людзей. “У інстытуце яму далі мянушку - Супер. Ён спраўджваў яе ва ўсім. Хто ні быў побач, адчуваў нязменна яго перавагу” [2, 63]. Немалаважную ролю ў самаасэнсаванні юнака адыгрывае сям’я - бацькі не хаваюць свайго захаплення сынам, ганарацца яго поспехамі, ухваляюць дзеянні. “Бацька ласкава зваў яго маладым ваўком: яму падабалася мэтанакіраванасць, з якою сын пачынаў жыццё” [2, 63]. Усе гэтыя фактары не толькі фарміруюць самасвядомасць галоўнага героя, але і вызначаюць яго адносіны да грамадства. Сяброў у Супера няма, толькі знаёмыя. Прыяцелямі ён пагарджае, але зрэдку, калі на яго нападае сум, змушаны бавіць з імі час. Знаёмцы ва ўсім саступаюць Суперу - і ў інтэлекце, і ў паспяховасці. “Коша вучыўся ў сельскагаспадарчым інстытуце - бог ведае як яму ўдавалася там утрымацца, бо ён і дагэтуль наўрад ці мог адрозніць пшаніцу ад жыта. А Хэлп, выключаны нядаўна з тэатральна-мастацкага, працаваў цяпер на нейкім заводзіку мастаком” [2, 63].

Менавіта праз сваіх прыяцеляў Супер выпадкова трапляе ў нязвыклую для яго кампанію -знаёміцца з хлопцам і дзяўчынай, якія належаць да зусім іншага сацыяльнага асяроддзя. Хлопец па мянушцы Клешч - крымінальнік, які нядаўна выйшаў з турмы і трымаецца з усімі дастаткова дзёрзка. Дзяўчына Нінка - непрыгожая, неахайная, вульгарна нафарбаваная, гэтаксама нядаўна адбыла тэрмін зняволення. Сустрэча адбылася ля дома, дзе жыў Хэлп, але Клешч і Нінка вядуць усіх у брудную альтанку, што месціцца ў самым закутку двара, і прапануюць выпіць гарэлкі - у дзяўчыны свята, яна адзначае сваё дваццацігоддзе. “Суперу ніколі яшчэ не даводзілася піць гарэлку з рыльца. Але Клешч выпрабавальна глядзеў на яго - так што нічога іншага не заставалася. Супер з цяжкасцю, пераадольваючы сябе, ледзь адпіў сваю долю” [2, 68].

У апавяданні дэталёва абмалявана псіхалогія галоўнага героя, дыяпазон пачуццяў, якія ён перажывае літаральна за некалькі хвілін. Найперш Супер шкадуе, што дарэмна марнуе час з такімі нікчэмнасцямі, калі мог выкарыстаць яго з вялікім плёнам - “бацька ж толькі ўчора прывёз яму з Галандыі “Філасофію вольнага духу” Бярдзяева” [2, 66]. Паміж ім і яго новымі знаёмымі не проста непераадольная сацыяльная дыстанцыя, яны па вызначэнні для яго - ніжэйшыя істоты, “жывая ілюстрацыя да падручніка Ламброза” [2, 71]. Па-другое, Супер непакоіцца, каб праз гэткіх крымінальнікаў не трапіць у непрыемнасці з міліцыяй. Апроч таго, яму ўвогуле трывожна: ён не ведае, чаго чакаць ад такіх людей. Але пакінуць кампанію не выпадае: гэта будзе выглядаць баязлівасцю, уцёкамі. І да Кляшча, і да Нінкі ён ставіцца аднолькава грэбліва, але паводзіць сябе з імі абачліва, насцярожана. Супер ніякавее ад усведамлення, што гэтыя двое трымаюцца з усімі з відавочнай перавагай, падкрэслена дэманструюць сваю ўладу над усёй кампаніяй. Ён пагардліва назірае, як Хэлп і Коша лісліва запабягаюць перад Кляшчом, прыніжана дагаджаюць Нінцы. Але неўзабаве сам апынаецца ў гэткім жа становішчы. Пільная Нінка заўважыла, з якой

ФІЛАЛАГГЧНЫЯ НАВУКІ

111

гідлівасцю Супер разглядаў і яе, і Кляшча, адчула, што ён лічыць іх людзьмі ніжэйшага гатунку. І калі ў якасці закускі яна выцягнула з кішэні дарагія цукеркі, а Супер не здолеў схаваць здзіўлення, рэакцыя дзяўчыны была выбуховай:

- - Што зекры вылупіў, інтэлігент? <...> Думаеш, мы і цукерак нармалёвых не можам купіць? <...>

Як раней Клешч на Хэлпа, яна глядзела на яго з акрэсленай перавагаю чалавека больш годнага. Але адказваць ударам на ўдар зараз не хацелася. Супер употай зірнуў на Кляшча. Той стаяў убаку, спінаю да іх. Толькі Хэлп разглядаў збянтэжанага прыяцеля, дзіўна ўсміхаючыся, -бачыў такім Супера ўпершыню” [2, 69].

Паспяховы, аўтарытэтны ў сваім сацыяльным асяроддзі малады чалавек абсалютна дыскрэдытаваны - ён не проста апынуўся ў нязвыклай для сябе ролі аўтсайдэра, упершыню ў жыцці ён публічна зняважаны. Але каб пазбегнуць канфлікту, Супер змушаны маладушна змаўчаць. Яму няёмка перад прысутнымі, ён адчувае маральны дыскамфорт - пахіснулася яго самаўпэўненасць, пацярпела самаацэнка. Псіхолагі адзначаюць: —На аснове механізмаў

сацыяльнай і асабістай ідэнтыфікацыі, сацыяльнага параўнання, прамых і ўскосных ацэнак атачэння, з улікам сацыяльных норм і запатрабаванняў у чалавека фарміруецца ўяўленне аб сваёй індывідуальнасці ў выглядзе Я-канцэпцыі. Яна грунтуецца на сістэме каштоўнасных арыентацый, перакананняў і ўстановак, таму сацыяльныя патрабаванні дзейнічаюць на чалавека не наўпрост, а падлягаючы пэўнай селекцыі. Гэта ўяўленне пра сваю асобу, якое выпрацоўваецца на працягу ўсяго жыццёвага шляху, робіцца асновай для стварэння ўласнага вобраза ў вачах іншых людзей у кожным канкрэтным акце зносін” [3, 93]. Супер не падае выгляду, што пачуваецца зняважаным, але насамрэч яго гонар моцна закрануты. Ён неўсвядомлена прагне сцвердзіцца ў вачах прысутных, яго самалюбства патрабуе рэваншу.

Супярэчлівасць пачуццяў галоўнага героя выяўлена ў апавяданні з псіхалагічнай дакладнасцю. Супер не мае досведу зносін з прадстаўнікамі сацыяльнага асяроддзя, да якога належаць Клешч і Нінка, ён не ведае, як сябе з імі паводзіць, як супрацьстаяць маральнаму прэсінгу. Агрэсія і дзёрзкасць дзяўчыны дзейнічаюць на яго амаль сугестыўна - маральна падаўляюць, занявольваюць. Гэта асабліва відавочна, калі ён рахмана выконвае яе нечаканае патрабаванне: “Клешч некуды знік. Атрымалася так, што Супер апынуўся на лаўцы побач з Нінкаю. Тая насмешліва паглядзела яму ў вочы і сказала:

- Сядай бліжэй. І абдымі: мне холадна.

Збянтэжаны, ён паклаў ёй на плячо руку.

- Не, не так. Ніжэй, - сказала яна і адразу ж, ледзь ён пераклаў руку на талію, дадала: - Толькі віды не строй. Не абломіцца. Ты мне ўсё роўна да фені. Пагрэеш: даўно ўжо мяне не абдымалі...” [2, 70].

Супер абдымае “непрыгожую недарэку”, да якой зусім нядаўна не адчуваў нічога, апроч грэблівасці. Увагу з яе боку ён успрымае як пэўную індульгенцыю, міжволі пранікаецца да дзяўчыны дзіўнай цеплынёй. Незаўважна між імі завязваецца даверлівая, амаль сяброўская размова - Нінка расказвае Суперу сваю сумную гісторыю. Гэтая своеасаблівая споведзь з’яўляецца адным з ключавых эпізодаў твора, яна вытлумачвае крыўду дзяўчыны на жыццё і на людзей, вытлумачвае яе агрэсіўныя паводзіны: “Сядзела яна за тое, што адлупцавала з сяброўкай на танцах адну дзяўчыну: тая адбіла ў сяброўкі хлопца. Магло б усё абысціся і ўмоўным тэрмінам, расказвала Нінка, ды былі да таго прыводы ў дзіцячы пакой міліцыі, вось ёй і далі тры гады - на перавыхаванне. <...> Чаму ўсё так атрымалася? Бацька з маткаю ўсё прапілі - у хаце голыя сцены ды два крэслы. Трэцяга крэсла, каб ёй урокі рабіць, не было. Куды ж яшчэ ад такога жыцця ісці, як не ў альтанку ці на танцы? Ну, а там адно: цыгарэты, “чарніла”, бойкі... Тая ж гісторыя, што і ў Кляшча. Толькі ён ужо бацьку свайго не тое што п’янага, ніякага не бачыў - колькі іх, тых “бацькоў” на ноч, у маці ягонай перабывала!.. А сеў ён зусім ужо ні за што: ліхтаром у восьмым класе пасвяціў старэйшым хлопцам, у завуголлі каля дзяўчыны стаяўшы, - вось і паплыў у калонію як “харавік”, бо нагаварылі на яго і тая дзяўчына, і тыя падзельнікі. Так і прачаліўся праз тое глупства ажно пяць гадоў. А выдатны быў малец, вучыўся ў школе нішто... З турмы вось толькі прыйшоў нейкі злы, заводзіцца з паўабароту. Але з некаторымі ён добры, нават вельмі. З тою ж маці, напрыклад: цяпер яе хворую даглядае, у калясцы на вуліцу выкочвае - ногі ў яе праз гарэлку адняліся. Злосць у яго ад крыўды: за што ж яго, пацана, на столькі гадоў за дрот загналі?!” [2, 70-71].

112

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

Маральныя акцэнты расстаўлены ў апавяданні далікатна, але дастаткова выразна. Безумоўна, аўтар ніякім чынам не апраўдвае ні Нінку, ні Кляшча. У сваіх няшчасцях дзяўчына вінаваціць усіх - бацькоў, абставіны, жорсткія дзяржаўныя законы, але толькі не сябе. Яна шчыра пераканана, што яе сябрук быў асуджаны “ні за што”, не ўсведамляе, што і ён, і яна сама ўчынілі злачынствы. Свой негатыўны жыццёвы досвед Нінка экстрапалюе на ўсё грамадства. Упэўненасць у несправядлівасці грамадскай маралі з’яўляецца для яе сродкам самаапраўдання і падставай для адмаўлення агульнапрынятых маральных нормаў.

У апавяданні асабліва акцэнтуецца, што, нягледзячы на вонкава зняважлівае стаўленне да Супера, Нінцы вельмі важна сцвердзіцца ў яго вачах, давесці, што яна не горшая за яго, што гэтаксама, як усе людзі, заслугоўвае павагі, разумення, спагады. Яна старанна вытлумачвае Суперу, колькі розных расчараванняў было ў яе жыцці, прыгадвае, як аднойчы пазнаёмілася з “сапраўдным пісьменнікам” - убачыла, што на абледзянелым тратуары ляжыць п’яны дзядзька, якога ўсе абыходзяць. “Дапамагла ўстаць, павяла, куды папрасіў. <...> Тут ён па дарозе мне і кажа: пісьменнік я, ганарар атрымаў - за вершы. Нават сказаў, дзе іх надрукаваў, ды я не запомніла. Давяла яго ажно да самай хаты. І што? Жонка так і наляцела на мяне: што, са старымі, вош малая, цягаешся? <...> Але які гэта пісьменнік?.. Хіба пісьменніку так можна?.. Як у яго нахабнасці хапіла прызнацца ў такім выглядзе, хто ён?.. Ты ж, калі свіння, дык хоць імя сваё не гань - пісьменнік... Ты ж святы павінен быць, раз вучыш нас розным гэтым штучкам - дабрыня там, шчырасць, чысціня, сумленне... Як вучыш, так і сам жыві! А ён яшчэ, відаць, і з дзеўкамі гуляў, раз жонка ягоная з-за мяне такі гвалт усчала...” [2, 76]. І хоць Нінка расказвае пра той выпадак з абурэннем, ёй відавочна падаецца, што сам факт знаёмства з —сапраўдным пісьменнікам” павінен надаць ёй вагі ў вачах Супера. З выклікам яна пытаецца: “Дык ты сапраўднага бачыў?.. Пісьменніка?” [2, 77]. Аднак хлопец зусім спакойна адказвае, што для яго гэта зусім не дзіва - да яго бацькі даволі часта заходзяць пісьменнікі. Толькі вось, у адрозненне ад Нінкі, ніякага піетэту да гэтых людзей у Супера няма. Яму не цікавыя ні іх маральныя якасці, ні іх творчыя ці інтэлектуальныя здольнасці. Перадусім ён цэніць уплывовасць, уладу, сувязі, заможнасць. Гэтыя каштоўнасці, як падкрэсліваецца ў творы, Супер засвоіў у сям’і. “У іх дома і кампазітары бывалі, і вучоныя: бацька любіў запрашаць вядомых людзей. Але хоць вонкава і ставіўся да іх з павагаю, на справе лічыў сябе вышэйшым. Ва ўсякім разе, трымаў сябе з імі на роўных, а пасля таго, як яны выходзілі з дому, пасмейваўся з многіх. А што: у “фазэра” і грошы не меншыя, і становішча стабільнае” [2, 77].

Нінка прыгаломшана адказам Супера. Ёй ніяк не выпадае чымсьці яго ўразіць, здзівіць ці хаця б зачапіць. Тое, што для яе - падзея, для яго - шараговы факт. Дзяўчына ўсё больш выразна ўсведамляе, якая сацыяльная прорва палягае між імі. І ўсё ж у глыбіні душы яна адчувае, што не матэрыяльнае становішча і не знаёмствы з вядомымі людзьмі вызначаюць сутнасць асобы, -нешта іншае. Толькі ёй не хапае ні інтэлекту, ні эрудыцыі, каб абгрунтаваць свае інтуітыўныя адчуванні. “Нейкі час яна маўчала. Па твары было відаць, што думала. Пасля раптам зноў утаропілася ў яго шалёнымі вачыма.

- Ну і што, што ты бачыў, а я не бачыла?.. Да твайго бацькі пісьменікі ходзяць, а да маці маёй - насосы. Што з таго?” [2, 77].

Супрацьстаянне, якое адбываецца паміж Суперам і Нінкай, робіцца ўсё больш зацятым -яны любой цаной імкнуцца ўзвысіцца адзін над адным. Дзяўчына выпрабоўвае розныя спосабы ўплыву на суразмоўцу - апелюе да яго пачуццяў, спрабуе расчуліць, але калі бачыць, што гэта не дзейнічае, распаляецца, робіцца агрэсіўнай і нахабнай. Псіхолагі падкрэсліваць: “Агрэсіўныя паводзіны - гэта сілавая акцыя па навязванню іншым свайго ладу мыслення і бачання свету. Суб’ект такіх паводзінаў сыходзіць з таго, што іншыя людзі заслугоўваюць нядобразычлівасці таму, што яны прытрымліваюцца іншага пункту гледжання, права на які ім ніхто не даваў. Яны вінаватыя ў тым, што ў іх іншыя перакананні. Гэтага не павінна быць, бо самыя справядлівыя погляды - толькі ў мяне. Я ведаю свет або ведаю, якім ён павінен быць, і прымушу іншых з гэтым лічыцца” [4, 960]. Але яе агрэсія ўжо не асабліва дзейнічае на Супера - калі побач няма Кляшча, ён пачуваецца значна больш разняволена.

Супера нават забаўляюць змены настрою Нінкі, яе празмерная эмацыянальнасць і экзальтаванасць. Назіраючы за яе высілкамі давесці яму свае перакананні, ён цынічна разважае: “А можа, і напраўду зладзіць што з ёю?.. Не святая ж. <.> Цырк на дроце. Звар’яцець можна ад яе пераходаў - во дзе выкруты! Дык тым цікавей будзе: экзотыка. Табе ж даспадобы, здаецца, вострыя пачуцці? Такую лэдзі ўзяць, з гэткімі вывертамі - не жарт. Дый талія ў яе нічога...

ФІЛАЛАГІЧНЫЯ НАВУКІ

113

бюст...” [2, 76]. Калі Нінка прапануе зайсці ў пад’езд бліжэйшага дома, Супер ахвотна згаджаецца. “Ён упэўнены быў, што яны разумеюць адно аднаго” [2, 82].

Якімі матывамі кіравалася Нінка, калі вяла Супера на кватэру да сваіх знаёмых, у апавяданні выяўлена неадназначна. Гэта магла быць яшчэ адна спроба эпатажу - паказаць “пыхліваму інтэлігешу” сапраўдны прытон, шакіраваць яго. Магчыма, ёй хацелася пахваліцца ў сваёй кампаніі новым знаёмым - такіх ні ў кога з яе сябровак не было. Але верагодней за ўсё, усвядоміўшы, што нічым не можа праняць самаўпэўненага Супера, яна задумала выпрабаваць яго на смеласць, на здольнасць абараніць і яе, і сябе самога.

Супер насамрэч уражаны тым, што ўбачыў - брудам і разрухай у кватэры, у якую прывяла яго Нінка, жахлівым выглядам яе п’яных сябровак, хлопцамі-зэкамі “з сінімі ад татуіроўкі рукамі”. Але яшчэ больш ён уражаны, калі з Нінчынай размовы з прыяцелькамі, разумее, што з адной з іх яна была ў калоніі, і адносіны ў іх дужа сапсаваныя, амаль варожыя. “Што ж ты прысунулася сюды, ідыётка?” - збянтэжана глядзеў ён на Нінку” [2, 83].

Падзеі ў творы на працягу ўсяго сюжэта разгортваюцца па-свойму замаруджана. Запаволенасць аповеду, дэталёвае і заглыбленае адлюстраванне дыялогаў і ўнутраных маналогаў герояў, іх рэфлексій і пачуццяў дазваляюць аўтару дасягнуць псіхалагічнай дакладнасці ў выяўленні характараў персанажаў, арганічна перадаць атмасферу трывожнай напружанасці, небяспекі. Але кульмінацыя апавядання вылучаецца надзвычайнай дынамікай, імклівасцю. Супер, якому зрабілася млосна ад выпітай гарэлкі, выйшаў у ванную і адтуль пачуў, як усчалася сварка. Выглянуўшы ў калідор, ён бачыць, што п’яныя зэкі валакуць Нінку з кватэры. Дзяўчына ўпарціцца, плача і спрабуе іх у чымсьці пераканаць, але яе жорстка б’юць і ўрэшце выцягваюць за дзверы. Супера працяў страх, ён стоена сочыць за тым, што адбываецца. Пазней, крадком выслізнуўшы з кватэры, хаваецца ў пад’ездзе, назіраючы, як Нінку працягваюць збіваць на вуліцы. Але непрыкметна ўцячы яму не ўдаецца, як толькі выслізнуў з пад’езда, яго запыняюць: “Чакай, хлопчык, не спяшай. <...> Нам і з табой пагаманіць трэба” [2, 86]. Супер выяўляе сапраўдныя акцёрскія здольнасці - рахмана пасміхаецца і з цікаўнасцю пытае, што там Нінка “адмачыла”. Ён дэманструе не толькі абсалютную абыякавасць да дзяўчыны, але пераканаўча выяўляе разуменне сітуацыі - раз яе збілі, значыць было за што.

Аднак адмовіцца ад сваёй задумы Супер не можа, траўмаванае самалюбства не дазваляе яму застацца ў пройгрышы. “Не мог ён згадзіцца, каб гэты і без таго нікчэмны дзень скончыўся поўным яго паражэннем: надта ўжо шмат знявагі перажыў ён, каб адпусціць за так лярву, што столькі вадзіла яго за нос, бы хлопчыка. Якія ж толькі рылы не здзекаваліся з яго сёння! Ён павінен быў сцвердзіць сябе, паставіць урэшце на калені гэтую дзеўку” [2, 87]. Супер вяртаецца да збітай Нінкі, спадзеючыся, што яна не чула яго размовы з зэкамі. Але ён памыляецца - дзяўчына з нянавісцю выказвае яму, што ўсё бачыла: і як ён хаваўся ў пад’ездзе, і як спрабаваў баязліва ўцячы. Усведамленне, што яго планам не суджана спраўдзіцца, што Нінка з’яўляецца сведкай яго прыніжэнняў, даводзяць Супера да шаленства - ён размахваецца і з усяе сілы б’е дзяўчыну. Нінка заходзіцца ад крыку, але ён ужо не можа спыніцца - зноў і зноў наносіць ёй удары.

Фінал апавядання вытрыманы ў вельмі спакойнай танальнасці, якая рэзка кантрастуе з папярэднімі падзеямі. Гэтая змена апавядальнай інтанацыі па-свойму падкрэслівае заспакоенасць галоўнага героя, якой ён дасягае, узважана асэнсаваўшы ўсё, што з ім адбылося. У Супера няма аніякіх згрызот сумлення, ён не ўсведамляе, што не прайшоў маральнай ініцыяцыі, што здзейсніў злачынства. Адзінае, за што ён сябе дакарае - гэта за страту самакантролю, за недастатковую абачлівасць: “Бабы шмат каго загубілі... Бацька расказваў, колькі міністраў ды розных паслоў на іх пагарэлі... <...> Проста ва ўсім, з тымі ж самымі цёлкамі, трэба шукаць разумную сярэдзіну, каб не страчваць розум і не марнаваць час, як учора” [2, 90]. Супер кіруецца філасофіяй цынізму, яму невядомыя ні сорам, ні спачуванне, ні шкадаванне.

Вывады

Такім чынам, урок сацыялізацыі пададзены ў парадаксальнай форме, ад процілеглага. Абодва персанажы аднолькава адмаўляюць грамадскай маралі, хоць і па розных прычынах. Канфлікт, які адбыўся паміж героямі, робіцца псіхалагічнай траўмай для кожнага з іх, і яшчэ больш умацоўвае іх ва ўласных негатыўных перакананнях. Нінка канчаткова ўпэўніваецца, што свет вакол яе жорсткі і несправядлівы; Супер ужо на ўзроўні аксіёмы засвойвае, што ва ўсім трэба кіравацца прагматычным разлікам, ніколі нельга даваць волі пачуццям.

114

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

Сюжэт апавядання А. Асташонка недвухсэнсоўна даводзіць, што маральная сацыялізацыя асобы - гэта неабходны аспект агульнага працэсу сацыялізацыі. Аўтар маляўніча прадэманстраваў, як суб’ектыўны досвед часам змушае асобу да засваення неправамерных маральных нормаў. Абодва героі твора несацыялізаваныя, іх светапоглядныя прынцыпы супярэчаць грамадскай маралі, і таму яны аднолькава асуджаны да паразы, да канфрантацыі з грамадствам. Вядома, што маральныя прынцыпы, засвоеныя ў юным узросце, вельмі трывалыя, арганічныя, ад іх надзвычай цяжка адмовіцца, няпроста нават пераасэнсаваць. Відавочна, што героям апавядання заўжды будзе некамфортна ў соцыуме, ім абодвум наканавана ізаляванае існаванне, кожнаму - выключна ў сваім сацыяльным асяроддзі.

Мастацкі твор, у якім завострана адлюстраваны маральна-этычны канфлікт, валодае, несумненна, магутнай сілай уздзеяння. Ён апелюе не толькі да свядомасці чытача, але да яго ўнутранага свету, да пачуццяў, эмоцый. Менавіта праз такую апеляцыю літаратура эфектыўна садзейнічае сацыялізацыі асобы, яе аксіялагічнаму станаўленню.

СПІС АСНОЎНЫХ КРЫНІЦ

1. Волобуев, О. В. Проблема оценки качества произведения художественного искусства (социальнофилософский аспект) / О. В. Волобуев, В. А. Песоцкий // Вестник МГОУ. Сер. «Философские науки». -2013. - № 1. - С. 10-20.

2. Асташонак, А. Фарбы душы : апавяданні, настроі, аповесць / А. Асташонак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. - 174 с.

3. Шкуратова, И. П. Самопредъявление личности в общении : монография / И. П. Шкуратова. -Ростов н/Д : Изд-во ЮФУ, 2009. - 192 с.

4. Добреньков, В. И. Фундаментальная социология / В. И. Добреньков, А. И. Кравченко. - Москва : Инфра-М, 2003 - Т. 8 : Социализация и образование. - 2005. - 1040 с.

Паступіў у рэдакцыю 24.03.15 E-mail: lada [email protected]

L. V. Aleinik

MORALITY AND SOCIALIZATION IN THE STORY "SUPER" BY ALES ASTASHONOK

The article studies the reflection of moral aspects of socialization in contemporary fiction. "Super", a story by a Belarusian writer Ales Astashonok, is an authoritative text. The article analyzes artistic interpretations of psychology and philosophy of the characters, reveals the interrelation of their moral qualities and social behavior. It studies peculiar properties of the story composition and the author’s narrative strategies. The article defines the role of literature as sociocultural practice that has epistemological potential, facilitates effective development of social roles, perception of public values and moral standards, promotes productive socialization, social adaptation and axiological formation of personality.

Keywords: personality, society, values, socialization, social adaptation, ethics, consciousness, psychology, fiction.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.