Научная статья на тему 'Адухатварэнне генія'

Адухатварэнне генія Текст научной статьи по специальности «Искусствоведение»

CC BY
113
56
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

Аннотация научной статьи по искусствоведению, автор научной работы — Климуть Ярослав Иванович, Чесноков Николай Григорьевич

У артыкуле прааналізавана роля прыродных і сацыяльных сіл у працэсе станаўлення музычнай геніяльнасці асобы. Абапіраючыся на шматвяковы вопыт народа, які пражывае ў яднанні з прыродай, набываючы вопыт сацыяльнай барацьбы за належнае месца ў грамадскіх адносінах, таленавітыя людзі атрымліваюць і натхненне, якое дазваляе тварыць народную музыку і нацыянальную паэзію.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.
iНе можете найти то, что вам нужно? Попробуйте сервис подбора литературы.
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

The article analyses the role of natural and social forces in the making of musical genius personality. Being guided by many-centured national experience of the social fight for the deserving place in public relations, talented people find inspiration which allows to create folk music and national poetry.

Текст научной работы на тему «Адухатварэнне генія»

136

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

УДК 18 + 172

Я. І. Клімуць, М. Р. Часнакоў АДУХАТВАРЭННЕ ГЕНІЯ

У артыкуле прааналізавана роля прыродных і сацыяльных сіл у працэсе станаўлення музычнай геніяльнасці асобы. Абапіраючыся на шматвяковы вопыт народа, які пражывае ў яднанні з прыродай, набываючы вопыт сацыяльнай барацьбы за належнае месца ў грамадскіх адносінах, таленавітыя людзі атрымліваюць і натхненне, якое дазваляе тварыць народную музыку і нацыянальную паэзію.

Уводзіны

Паэма Я. Коласа «Сымон-музыка» - глыбокае філасофскае даследаванне працэсу чалавечнага тварэння свету мастацтва [1, 291-468]. Сам ход і сэнс развіцця сюжэта вызначае сутнасць вырашэння пытання пра крыніцы творчых сіл, што істотна змяняюць духоўны свет чалавека. Паводле сведчання М. І. Мушынскага, паэма - споведзь паэта пра своеасаблівы душэўны настрой, які сагравае і ажыўляе тварэнне мастака [2, 166]. Усё гэта дае падставы разглядаць паэму як узор сцвярджэння аўтарам ідэі паэтычнай духоўнасці і высокага грамадзянскага гуманізму.

Стварэнне ўзораў прыгожага пісьменства ёсць мастацтва генія, адзначаў І. Кант. «Г еній - гэта талент вынаходніцтва таго, чаму нельга вучыць або навучыцца, - пісаў філосаф. -Нельга навучыцца таму, як напісаць выдатны верш, таму што ён сам сабою павінен вынікаць з прыроды аўтара. ... Геній таму ззяе, ... як зіхаўлівая іскра, якую шчаслівая мінута натхнення выбірае з прадуктыўнага ўяўлення» [3, 570-571]. Філосафаў, тэарэтыкаў літаратуры здаўна цікавіла, што абуджае нястомныя фантазіі, чым выклікаецца натхненне, адкуль мастак чэрпае творчыя сілы, якія сацыяльныя ўмовы найбольш садзейнічаюць адухатварэнню генія? [4, 96-105], [5, 6], [8, 162-163, 175]. Думаецца, што гэтыя праблемы будуць актуальнымі і для наступных пакаленняў мысліцеляў.

Вынікі даследавання і іх абмеркаванне

Паэма Коласа распавядае пра абуджэнне і станаўленне дабрадзейнага генія ў душы таленавітага музыкі з народа. Паводле паэта, у духоўным свеце музыкі пануе геній, які здольны тварыць цуды. Толькі ў душы музыкі-вешчуна можа зацепліцца ўпэўненасць, што Музыка -«звонкая струна» - «яе душу пацалуе, // Ускатурхае да дна // I разгоніць ноч зацьмення, // Знойдзе ў сэрцы тую ніць, // Што паможа памутненне адагнаць ці праясніць» [1, 457]. Сваёй філасофскай паэмай, справядліва падкрэслівае І. Я. Навуменка, аўтар даследуе сувязь чалавека і прыроды, вытокі дасканаласці і майстэрства мастака, выяўляе самае галоўнае і дарагое ў жыцці народа [7, 36]. Сымон у паэме паўстае як сама Музыка, народжаная натуральным жыццём народа. Сам Якуб Колас усведамляў, што яго паэтычны талент - дар прыроды. Талент, лічыць У. М. Конан, дазваляе свосасабліва бачыць прыгажосць сусвету. Сваё бачанне прыгажосці роднага краю паэт даносіць да народа ў форме песняў, музыкі [9, 64-66]. Вартаснай жа светапогляднай заслугай Якуба Коласа з'явілася, на наш погляд, сцвярджэнне, што менавіта еднасць творцы з духоўнымі сіламі народа ёсць найважнейшая ўмова, дзякуючы якой таленавітыя індывідуумы дасягаюць сваіх творчых вяршынь. Паэма «Сымон-музыка» ўяўляецца нам тым творам, які сведчыць, што нават пры неспрыяльных нацыянальных і сацыяльных умовах можа адбывацца фарміраванне і росквіт мастацкага генія. Толькі для гэтага патрэбны веліч духу і мэтанакіраванасць.

Паказальны ў гэтых адносінах твор Ф. М. Дастаеўскага «Неточка Незванова» [10, 142-267]. Дастаеўскі распавядае пра музыку Ягора Яфімава. Гэта - таленавіты скрыпач. Памешчык, у дамашнім аркестры якога іграў Ягор, даведваецца пра гэтую «навіну» ад французскага скрыпача-гастралёра. Француз называе Яфімава найлепшым расійскім скрыпачом [10, 145]. Паслухаўшы ў выкананні музыкі скрыпічныя варыяцыі на рускія песні, памешчык пераконваецца ў яго таленавітасці [11, 38-41]. Узрушэнне мецэната было такім вялікім, што ён плакаў наўзрыд. Як родны бацька, ён дае Ягору грошы і раіць ехаць у Пецярбург вучыцца, каб стаць сапраўдным артыстам [10, 147-148].

ФІЛАЛОГІЯ

137

Яфімаў жа ў паўсядзённым жыцці і ў сферы мастацтва зарэкамендаваў сябе не лепшым чынам. Ён кінуўся ў п’янства. А ў сталіцы наогул павёў нікчэмнае жыццё. Раней яго духоўныя сілы падтрымлівала само жаданне трапіць у сталіцу, зараз гэты ўнутраны покліч страціў сваю значнасць. Энтузіязм яго згас. Застаўся адчай пры думцы аб гібелй таленту. Ім усё часцей авалодвала апатыя. Музыка на працягу тыдняў не браў скрыпку ў рукі, быццам не жадаючы іграць перад людзьмі, якія няздольныя ацаніць яго талент [10, 149-151]. Навязалася ідэя, што ён найпершы скрыпач, прынамсі, у Пецярбурзе. Але яго праследуе лёс. Яму здаецца, што ён пакрыўджаны людзьмі, яго не зразумелі, таму ён невядомы. Такі стан падыгрываў яго самалюбству. Уголас і цішком ён суцяшаў сябе гэтым [10, 157]. Такое чаднае жыццё павінна было закончыцца адпаведным чынам [10, 158]. Скрыпач даўно ўжо не артыст. Аднак пакуль скрыпка была з ім, у Ягора была, няхай сабе і аддаленая, надзея, што гэта не так. Няшчаснаму ўяўлялася, што раптам, нейкім цудам ён стане найзнакамітым чалавекам. Ён прагнуў славы. А калі гэтае пачуццё, адзначае Дастаеўскі, становіцца адзіным рухавіком артыста, то, значыць, ён страціў галоўны творчы інстынкт - любоў да мастацтва [10, 175].

Музычны геній Яфімава, не атрымліваючы падтрымкі, падсілкавання для свайго адухаўлення, імкліва гінуў. Толькі аднойчы хваравіты геній прабудзіўся, калі Ягор раптам усвядоміў і жахнуўся, што ў майстэрстве іншага скрыпача-віртуоза ўвасобіўся той шчаслівы дар, які ён паўсядзённа адчуваў у сабе. Толькі ён - рускі музыка - не даў магчымасці развіцца і выказацца свайму асабістаму генію. А іншы артыст ярка і ў поўную сілу дэманструе магчымасці свайго таленту [10, 181-183]. Музычны геній рускага артыста больш не мог маўчаць. Геній Яфімава незалежна рашыў увасобіцца ў гукі музыкі. Але, як сцвярджалі сведкі, гэта была не музыка... Гэта былі не гукі скрыпкі... Быццам чыйсьці жахлівы голас загрымеў. Чуліся ў тым голасе стогны, енк чалавечы, плач; поўны адчай выліваўся ў тых гуках... Калі ж загрымеў фінальны акорд, то быццам у ім спалучылася ўсё, што з’яўляецца жахлівым у плачы, у муках і жыццёвай безнадзейнасці... [10, 164], [11, 46-49]. Так геній, дабрачынны дух, развітваўся са сваім няўдалым і эгаістычным гаспадаром... Багацце душы выявілася як стогны паміраючай асобы [10, 188]. Узросшая на недастойнай глебе меркантыльнай цывілізацыі, прыватная асоба Яфімава знішчыла свайго добрага генія, які накіроўваў яе праз музычнае мастацтва на шлях служэння людзям.

Не такі душэўны настрой у героя паэмы Коласа. Музычны геній скрыпача Сымона квітнее на ўдзячнай глебе маральнага ўкладу і мастацкіх ідэалаў, адшліфаваных высакароднымі справамі працоўнага люду. Высакароднымі справамі ўсіх і кожнага ствараюцца духоўныя каштоўнасці, якія акумулююцца ў народнай культуры як усеагульнае багацце. Ужо ва ўводзінах Колас адзначае міфалагічна-прытчавы і містыка-паэтычны характар духоўнага багацця беларускага народа. Багацці гэтыя «ад роднае зямлі, ад гоману бароў, ад казак вечароў, ад песень дудароў» і «шолаху начэй». Багацці гэтыя «ад тысячы ніцей, з якіх аснована і выткана жыццё і злучана быццё і небыццё» [1, 291]. Духоўны свет свайго паэтычнага героя Колас напаўняе асаблівымі багаццямі, у асяродку якіх выспельвае дабрачынны геній. Успрыняцце гэтых багаццяў робіць чалавека носьбітам і адэптам беларускай культуры і, адначасова, адметнай канкрэтна-гістарычнай асобай. Так адбываецца эгаістычнае адухаўленне кожнага. Адухатварэнне душы кожнага асобнага «Я» вызначаецца яго добрымі справамі.

Сымон, вясковы хлопчык, добра ведаў, што людзей «спрадвеку беднасць лютая гняце», чалавеку «цяжка жыць у цемнаце, у знявазе чорнай, здзеку, дзе адбітак свой з-за хлеба накладае талака... ». Але іншы выток асабістых перакананняў і пачуццяў таленавітага музыкі, у душы якога адбываецца адухатварэнне генія. Паэма выяўляе асаблівасці яго духоўнага свету.

І. Я. Навуменка адзначае такія пункты апоры, дзякуючы якім паэт раскрывае духоўна-культурную і асобную музычную геніяльнасць Сымона. Гэта, перш за ўсё: а) прыродны дар; б) выключнае ўспрыняцце Прыроды як праявы чагосьці «вечнага» і ўспрыняцце сацыяльна-гістарычных праяў заўсёды як нечага «канкрэтнага»; в) абвостранае пачуццё кахання, выяўленае настолькі ярка, што інакш асвятляецца для асобы ўвесь сусвет [6, 160]. З гэтым неабходна пагадзіцца.

Адухатварэнне генія, на нашу думку, пачынаецца, як толькі аб’ектыўна з’яўляюцца ўмовы жыцця, якія дазваляюць асобным індывідам жыць іншым, не вясковым бытам. Іншыя ўмовы бытавання нараджаюць новую індывідуальную свядомасць, новае духоўнае жыццё народа. Якраз таму, справядліва адзначае В. А. Каваленка, беларуская літаратура пачатку

138

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

XX стагоддзя паказала магчымасці духоўнага развіцця селяніна [12, 197]. У паэме Коласа ярка выяўлены і паэтычна асэнсаваны гістарычны працэс, пры якім здзяйсняюць сцвярджэнне творчая магутнасць і мастацкія сілы таленавітага індывіда, які становіцца ўладаром (дэміургам) у сваім духоўным свеце [12, 212]. Не жывуць, а пакутуюць сяляне, прыгнечаныя жорсткай барацьбой за існаванне. Герой жа паэмы Коласа выкарыстоўвае новыя магчымасьці быцця, заснаваныя на развіцці сваіх унікальных здольнасцей музыкі. Індывід-музыка стварае свой асаблівы мастацкі свет і жыве ў ім. Найболей жа важна тое, што ў паэме Коласа свой асаблівы мастацкі свет музыка робіць даступным для іншых. Пры гэтым паэт здолеў захаваць і апаэтызаваць «жывую старыну» -светаадчуванне, калі людзям уласціва было бачыць ва ўсіх з'явах прыроды хараство і, адпаведна, адухаўляльны пачатак [7, 23]. Сымон - ужо не селянін ні па быту, ні па духу. I жыць ён хоча не так..., а праўдзіва, ён хоча жыць так, як павінен жыць чалавек, - жыць жыватворна, як жыве Прырода. Як вясной абуджаецца прырода, так і вясны прагне душа Сымона.

Паводле свайго душэўнага настрою Сымон супраць усялякіх прымхаў, калі з дапамогай іх праз махлярства прыкрываецца зло і несправядлівасць. Яго добры геній мужнее ў барацьбе са злом, падманам, забабонамі. Талент, сцвярджае Колас, ёсць перш за ўсё сродак барацьбы. Наяўнасць жа мастацкага таленту - умова непрыняцця панавання паўсядзённых прымхаў. Прыгажосць і Краса, Узвышанае і Ўзнёслае і ёсць Дабро. Так адчувае і перажывае сваё быццё, свой мастацкі свет Сымон. I ў гэтым - сіла яго душы, яго генія. Ён закаханы, зачараваны прыгажосцю Ганны, гаворыць ёй: «Бо ты добрая, з душой // Ты ўся свецішся дабром» [1, 348]. У атаясамліванні Прыгожага і Добрага - выток сілаў для таленавітых і шчаслівых людзей. Спалучаючы Дабро і Прыгажосць, яны становяцца шчаслівымі і напаўняюцца натхненнем для творчасці: «I ў Сымонкі гожа ў сэрцы // Песня пелася сама» [1, 346]. Самім сваім існаваннем таленавітыя людзі сцвярджаюць, што чалавек можа быць шчаслівы, нягледзячы ні на якія цяжкасці жыцця. Дабрадзейны геній арыентуе душэўныя сілы Сымона на пошукі сапраўднага чалавечага шчасця. «Чуў хлапчына, што спадала // З шыі цяжкае ярмо // Адзіноты, долі горкай, -// Свет хацелася абняць // I людзям бліскучай зоркай // У іх цемрадзі заззяць // I сказаць ім, як шчасліва // Можна жыць і на зямлі... » [1, 341].

У паэме, адзначае Л. Я. Гаранін, зафіксавана спалучэнне рамантычнага і рэалістычнага метадаў, з пераважнай схільнасцю да вобразаў рэалістычнага плану [13, 152]. На нашу думку, менавіта дзякуючы гэтаму Колас выяўляе спецыфічныя ўмовы, пад уплывам якіх адбываецца адухаўленне задаткаў геніяльнасці ў індывідуальнасці мастака-музыкі. Перш за ўсё, гэта -адкрытасць прыроднаму свету. Музыка ў палоне свету натуральнай Музыкі, Музыкі прыроды. Не нейкія дзіцячыя летуценні і неакрэсленыя мары трымаюць у палоне душу Сымона. Музыка павінен навучыцца слухаць прыроду ва ўсёй яе шматлікай разнастайнасці. I Сымон «ловіць сэрцам спеў прыгожы, як жытцо загаманіць... ». Колас раскрывае значнасць сугучнасці стану прыроды і чалавечай душы. «Свет забыў цяпер Сымонка, // Скрыпцы душу ўсю аддаў, // I пайшла-пайшла гамонка - // Лес смяяўся і рыдаў. // А скрыпіца галасіла // Смутнай восені дажджом, // Адчувалася ў ёй сіла, // Што лілася ручаём... » [1, 335]. Калі прырода (матэрыя) можа быць усім, можа быць у самых розных станах, то і чалавечая душа можа выяўляць усё, на ўсё адгукацца, здольна адчуць гарманічную сугучнасць з усім. «Граў Сымонка і часамі // Смык ад скрыпкі аднімаў // I кудысь углыб вачамі // Пільна-пільна пазіраў, // Потым зноў ён ачынаўся; // Сэрца білася ў грудзях, // I агеньчык запаляўся // Ў яго кругленькіх вачах. // Зноў над скрыпкаю жалобна // Смык хадзіў, бы штось раняў, // I слязамі дробна-дробна // Лес, дубраву напаўняў» [1, 335-336].

Задача велізарнай складанасці паўстала перад паэтычным талентам Коласа. Як перадаць праз паэтычнае слова гучанне музыкі, якая напаўняе душу Сымона, струменіць з нячутнай чытачу скрыпкі? I Колас здзяйсняе сапраўдны паэтычны подзвіг. Праз паэтычнае слова ён як бы стварае адпаведную праграму для ўспрыняцця самой музыкі. Музыка гэта перадаецца праз вобразнае выяўленне прыроды, калі музыкай Сымон імкнуўся перадаць усе гукі, чутныя толькі яму. Асабліва паэтычна гэта перададзена ў сцэне ігры Сымона пасля першай уражлівай сустрэчы з Ганнай. «I панёсся стройнай мовай», - метафарычна заўважае паэт, - «чуткіх струн удалы звон» -гукі скрыпкі Сымона. Вось таму ўсяму свету, паднябесным вышыням «і казалі струны тыя, струны чуткія жывыя: // Як прыгожа-павабны вы, зоры! // Нібы высыпаў іней агністы, // Нібы пацерак шнур прамяністы // Асвятляе глыбіны-прасторы. // Ці не вам чэсць хвалу даюць горы // I бясконцыя моры // Даляў сонна-імглістых? // Ці не вам гэтых хмарак зарніцы // Песень

ФІЛАЛОГІЯ

139

блескаў звіваюць вяночкі?.. // Выплываюць з усходу чаўночкі, // Слугі сонца і яснай дзянніцы, // Каб дзяньку адчыніць акяніцы, - // Адсланяе граніцы // Гэта песня паўночна. // Быць хацеў бы я сонцавай коскай: // Зазірнуў бы я ў надзор’е; // Я гаманіў бы з чыстаю роскай, // Я б каціўся з хмарчынай слёзкай, // Я б крынічкай бег з сузгор'я // I праз гэты цёк бы двор я. // Зоркі ў небе -неба вочкі, // Месячык-вартаўнічок, // Хмаркі-ветравы сарочкі, // Неба шыр-пастаўнічок, // Дзе ноч-цьма снуе красёнцы, // Дзе чаўночак ладзіць сонца, // Каб усплыў на іх дзянёк. // Яе зарніцы -пыл агнёвы // 3 панадземнага гарна; // Громы - водгулле размовы // Бліскавіц і перуна; // Знічка -зорачак кананне, // А вясёлка - выплыванне // Златадзённага чаўна... » [1, 357].

Паэма сцвярджае, што здольнасць музыкаў адчуваць лучнасць са станам прыроды ёсць аснова таго, каб натуральна загучалі «мастацкія» струны ў чалавечай душы [14, 315, 329-335]. У гэтым, відаць, сутнасць таленавітасці кожнага чалавека. Гэта ж і аснова таго, каб голас новага, асаблівага гучання душы творцы пераліваўся праз яго мастацтва ў чалавечыя душы. Адсюль жа чэрпаюць сілы мастакі, якія знаходзяць у сваёй душы гарманічную сугучнасць з духоўнасцю народа, з яго духоўнай культурай.

Натуральная еднасць з Прыродай - першааснова духоўнай культуры народа. Прырода ва ўсёй яе мнагалікасці і ёсць аснова народнасці таленту. Увасабляючыся ў культурныя мастацкія каштоўнасці, талент надае апошнім сілу прыроднай натуральнасці і чалавечую прыродную пачуццёвасць. Гэтыя сілы жыцця абуджаюць у душах людзей вобразы Прыгожага, Добрага, Праўды, Ісціны... I пры гэтым неістотна, ведаюць людзі нотную грамату або не [16, 126].

Талент толькі адлюстроўвае ўжо існуючыя рэальна ў чалавечым бытаванні сілы. Адораны паэт на аснове іх ажыўлення стварае ўражлівыя вобразы, пры дапамозе якіх ён робіць жывыя сілы прыроды (і натуральныя прыродныя сілы ў саміх людзях) чутнымі, бачнымі, успрымальнымі чалавечай пачуццёвасцю, сэрцам і розумам. Талент канцэнтруе ў мастацкіх творах уласцівыя ўсяму народу ўяўленні пра грамадскую неабходнасць Узвышанага, Велічнага, Прыгожага, Дабрадзейнага... Талент вылучае натуральную неабходнасць пачуццёва ўзвышанага і маральна Добрага праз мастацкія вобразы. Гэта і прадэманстраваў Колас, напоўніўшы музыкай большасць старонак паэмы. Сілай паэтычнага таленту ён вымушае чытачоў праз «бачанне» вобразаў прыроды «чуць» гукі-напевы ўяўляемай скрыпкі. Так уздзейнічае на людзей адухатвораны геній. Паэтычныя метафары (а «ігра» Сымона на скрыпцы - адзіная разгорнутая метафара) дазваляюць праз пачуццёвасць розуму «бачыць» жыццесцвярджальныя ісціны.

Талент абуджае жаданне ўстанавіць новыя, яшчэ невядомыя сувязі. Сымон у Коласа хоча іншай, сацыяльна значнай музыкі. Ён хоча, каб яго музыка будзіла людзей ад векавой дрымоты.

Аднак усхваляванасць светам, дапытлівасць і «любамудрасць» - усё ж такі толькі зародкі таленавітасці чалавека. Зароджаны ў чалавеку геній шукае абсягі прымянення сілы, якая не дае спакою свядомасці (душы). Талент паступова нікне, калі не служыць людзям. Толькі раскрываючы супярэчнасці быцця (жыцця), талент вылучае з сябе новыя жыццёвыя сілы. Таленавітаму чалавеку заўсёды патрэбен выключны від дзейнасці, у якой яго геній праявіць сябе для іншых. Так і герой паэмы: «Пайшоў Сымон сваёй пуцінай, // Бо ён прыроджаны пясняр, // Панёс ён людзям песень дар - // Агонь душы і сэрца жар, // Панёс пяснярскай каляінай» [1, 486]. В. П. Жураўлёў справядліва сцвярджае, што аўтар паэмы заклапочаны тым, каб паказаць, што талент - творчая воля чалавека, праходзячы ў сваім развіцці розныя стадыі, выяўляе неабходнасць ідэі гуманізму, прасякнутага спагаднасцю і агульначалавечай маральнасцю [17, 121].

Адухатварэнне генія Сымона дасягае такой мастацкай і творчай сілы, што музыка адважваецца выпрабаваць свой талент на сацыяльную сталасць. Гэта было самае складанае выпрабаванне музычнага таленту. Яно сцвердзіла здольнасць музыкі абараняць права сацыяльных патрабаванняў прыгнечаных, уголас заявіць пра неабходнасць сацыяльнай справядлівасці і нацыянальнай свабоды. Не хоча ўзмужнелы мастацкі геній прыслугоўваць панам. Сымон ужо не проста музыка. Ён прадстаўнік народа. Яго музыка - голас народа. Яго песні пра долю людзей, якіх трымаюць у цемры. Яго народны талент - вынік пошуку праўды жыцця. Ніхто не можа «вольнай думцы даць парады». «Думка ходзіць, дзе захоча: // Ад зямлі да зор і сонца // Няма думкам забаронцы. // Думка праўду кажа ў вочы // I вялікім і малому... » [1, 450].

140

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

Самае складанае выпрабаванне вытрымана. Песня-стогн праспявана. Цяпер хутка запануе новая песня - песня волі. Гэта прадказальныя, папераджальныя песні. «А хто зло-няпраўду сее, // Той зжынае ліха», - спявае ў сваіх песнях Сымон. Новыя песні патрабуюць волі - свабоды для ўсіх. Даспелы, умацаваны, узмужнелы геній прасякнуты свабодалюбівымі думкамі і пачуццямі: «Але праўду не загубіш, ёсць праўда на свеце, ёсць сілы жывыя!». Творчы геній будзе шукаць ісціны жыцця і, знайшоўшы іх, гаварыць людзям праўду, здольную тварыць цуды. Цяпер гэта - крэда жыцця Сымона. Яго адухатвораны геній робіць з музыкі-скрыпача народнага артыста.

Вывады

Сваёй паэмай Колас даказаў не толькі сваю паэтычную геніяльнасць, але і мастацкую таленавітасць усяго беларускага народа. Духоўныя пошукі геніяльнага паэта, яго мастацка-філасофскія думкі дазволілі пранікнуць у глыбіні светатворчасці чалавека. Нацыянальны паэт абгрунтоўваў жыццёвасць аптымістычных поглядаў на гісторыю.

Літаратура

1. Колас, Я. Сымон-музыка / Я. Колас // Збор твораў : у 12 т. / рэд. кал.: В. Барысенка [і інш.]. - Мінск : Дзяржвыд БССР, 1962. - Т. 6 : Новая зямля. - Сымон-музыка / рэд. Ю. Пшыркоў. - С. 291-486.

2. Мушынскі, М. Якуб Колас: летапіс жыцця і творчасці / М. Мушынскі. - Мінск : Маст. літ., 1982. - 543 с.

3. Кант, И. Антропология с прагматической точки зрения / И. Кант // Соч. : в 6 т. / под общ. ред. В. Ф. Асмуса [и др.]. - М. : Мысль, 1966. - Т. 6. - С. 349-587.

4. Платон. Апология Сократа / Платон // Сочинения : в 3 т. / под общ. ред. А. Ф. Лосева. - М. : Мысль, 1968. - Т. 1. - С. 81-112.

5. Мушинский, М. М. Народные истоки таланта / М. М. Мушинский // Красные розы. Избранное / М. Горецкий. - Минск : Маст. літ., 1976. - С. 3-8.

6. Навуменка, І. Я. Якуб Колас: духоўны воблік героя / І. Я. Навуменка. - 2-е выд., дап. і перапрац. -Мінск : Выд-ва ВДУ, 1981. - 240 с.

7. Науменко, И. Я. Из глубины народной жизни / И. Я. Науменко // Стихотворения и поэмы / Я. Колас. - Л. О. : Советский писатель, 1978. - С. 5-36.

8. Шеллинг, Ф. Философия искусства / Ф. Шеллинг ; под общ. ред. М. Ф. Овсянникова ; пер. П. С. Попова. - М. : Мысль, 1966. - 486 с.

9. Конан, У. М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917-1934 гг.) / У. М. Конан. - Мінск : Навука і тэхніка, 1968. - 189 с.

10. Достоевский, Ф. М. Неточка Незванова / Ф. М. Достоевский // Полн. собр. соч. : в 30 т. / ред. кол.: В. Г. Базанов (гл. ред.) [и др.]. - Л. : Наука, 1972. - Т. 2 : Повести и рассказы. 1848-1859 / ред. А. С. Долина, Е. И. Кийко ; примеч. Н. М. Перлиной, Н. Н. Соломиной. - С. 142-267.

11. Гозенпуд, А. А. Достоевский и музыка / А. А. Гозенпуд. - Л. : Музыка, 1971. - 175 с.

12. Каваленка, В. А. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры / В. А. Каваленка. - Мінск : Навука і техніка, 1981. - 320 с.

13. Гаранин, Л. Я. Философские искания в белорусской литературе / Л. Я. Гаранин. - Минск : Наука и техника, 1984. - 222 с.

14. Лосев, А. Ф. Основной вопрос философии музыки / А. Ф. Лосев // Философия. Мифология. Культура / А. Ф. Лосев. - М. : Политиздат, 1991. - С. 315-335.

15. Г орецкий, М. Страшная песня / М. Г орецкий // Красные розы. Избранное / М. Г орецкий. - Минск : Маст. літ., 1976. - С. 181-185.

16. Жураўлёў, В. П. На шляху духоўнага самасцвярджэння / В. П. Жураўлёў. - Мінск : Навука і тэхніка, 1995. - 160 с.

17. Жураўлёў, В. П. Актуальнасць традыцый: Якуб Колас у пісьменніцкім асяродку / В. П. Жураўлёў. -Мінск : Бел. навука, 2002. - 184 с.

Summary

The article analyses the role of natural and social forces in the making of musical genius personality. Being guided by many-centured national experience of the social fight for the deserving place in public relations, talented people find inspiration which allows to create folk music and national poetry.

Паступіў у рэдакцыю 16.12.08.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.