Научная статья на тему 'Мастацкае асэнсаванне айчыннай гісторыі ў кнізе Алеся Петрашкевіча «Здрапежаная зямля»'

Мастацкае асэнсаванне айчыннай гісторыі ў кнізе Алеся Петрашкевіча «Здрапежаная зямля» Текст научной статьи по специальности «История и археология»

CC BY
460
63
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

Аннотация научной статьи по истории и археологии, автор научной работы — Аляксеева Таццяна Уладзіміраўна, Лаўшук С. С.

У артыкуле раскрываецца мастацкае асэнсаванне айчыннай гісторыі ў кнізе Алеся Петрашкевіча «Здрапежаная зямля». Робіцца акцэнт на выкарыстанні аўтарам у сваіх п’есах дакументаў, даследаванняў беларускіх гісторыкаў пры паказе падзей ХIV–XX стагоддзяў. Драматург характарызуе прадстаўнікоў нацыянальнага руху, падтрымлівае іх імкненне да незалежнасці, жадае захаваць гістарычную праўду.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.
iНе можете найти то, что вам нужно? Попробуйте сервис подбора литературы.
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

Artistic comprehension of history of our country in the plays by Ales Petrashkevich is considered in the article (on the example of the book «Exhausted land»). The emphasis is made on the author's use in his creative work of documents, new research materials of Belarusian historians while describing panoramic events of the 14th–20th centuries. The playwright characterizes the representatives of the national movement, supports the aspiration for independence.

Текст научной работы на тему «Мастацкае асэнсаванне айчыннай гісторыі ў кнізе Алеся Петрашкевіча «Здрапежаная зямля»»

64

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

УДК 808.26(043)

Т. У. Аляксеева

МАСТАЦКАЕ АСЭНСАВАННЕ АЙЧЫННАЙ ГІСТОРЫІ Ў КНІЗЕ АЛЕСЯ ПЕТРАШКЕВІЧА «ЗДРАПЕЖАНАЯ ЗЯМЛЯ»

У артыкуле раскрываецца мастацкае асэнсаванне айчыннай гісторыі ў кнізе Алеся Петрашкевіча «Здрапежаная зямля». Робіцца акцэнт на выкарыстанні аўтарам у сваіх п ’есах дакументаў, даследаванняў беларускіх гісторыкаў пры паказе падзей XIV-XX стагоддзяў. Драматург характарызуе прадстаўнікоў нацыянальнага руху, падтрымлівае іх імкненне да незалежнасці, жадае захаваць гістарычную праўду.

Уводзіны

Адлюстраванню мінулага надаецца значная роля ў беларускай драматургіі. Паказальная ў гэтым плане творчасць Алеся Петрашкевіча, якая з’яўляецца аб’ектам увагі шматлікіх даследчыкаў. С. Лаўшук, П. Васючэнка, Л. Савік, І. Цішчанка, М. Шаўлоўская неаднаразова звярталіся да разгляду спадчыны аўтара. Аднак у іх працах няма поўнага аналізу твораў драматурга з кнігі «Здрапежаная зямля», падаюцца толькі сціслыя звесткі пра гэта выданне, тлумачыцца зварот пісьменніка да адлюстравання гісторыі. Слушна адзначае Т. Патук: «У п’есах цытуюцца сапраўдныя гістарычныя дакументы, там бруіць жывое жыццё. Вобразы Вітаўта і Каліноўскага, Астрожскага і Купалы, Мураўёва і Г лінскага напісаны так рэалістычна пераканаўча, жыццёва, што значна адрозніваюцца ад пэўных трафарэтаў. Яны не падобныя на ўласныя партрэты ў гістарычных падручніках - гэта людзі са сваімі перакананнямі, каштоўнасцямі, недахопамі» [1, 24]. У творах А. Петрашкевіча пастаянна заўважаецца імкненне пракаменціраваць ход гістарычных падзей, аднак пры гэтым аўтар не адыходзіць ад фактаграфічнага матэрыялу. Сам пісьменнік сцвярджае так: «Мы дрэнна ведаем сваю гісторыю. Сапраўдную гісторыю ад нас хавалі і ў царскі, і ў савецкі час. Гістарычная праўда была нявыгадна. Для мяне як драматурга вельмі важна, каб людзі ўспрымалі сваю гісторыю эмацыянальна» [2, 7]. Ён заклапочаны лёсам дзяржавы, становішчам нашай краіны сярод іншых. А. Петрашкевічу не хочацца, каб беларускі народ лічыўся прыдаткам ці адгалінаваннем палякаў, рускіх; быў пазбаўлены самастойнасці, незалежнасці, права голаса на палітычнай арэне.

Адна з галоўных рыс гістарычнай драматургіі - гэта актуалізацыя нацыянальнай гісторыі, скіраванасць на фарміраванне свядомасці чытача. Калі дадзены аргумент не ўлічваць, то гістарычная праўда будзе падменена фальсіфікаванымі карцінамі даўніны. Таму мастак слова верны сваёй задуме: перадаць сапраўдныя факты.

Мэта артыкула: раскрыць мастацкае асэнсаванне айчыннай гісторыі ў кнізе Алеся Петрашкевіча «Здрапежаная зямля». Задачы даследавання наступныя: 1) прааналізаваць трагедыі і драмы аўтара з адзначанай кнігі; 2) ахарактарызаваць цэнтральныя вобразы п’ес; 3) акрэсліць ідэйную накіраванасць кнігі; 4) размежаваць гістарычную праўду і мастацкі вымысел у творах.

Вынікі даследавання і іх абмеркаванне

Каля трыццаці гадоў працаваў Алесь Лявонавіч Петрашкевіч над выданнямі энцыклапедычнай літаратуры. Гэта «прывяло... да гістарычнай літаратуры, быццам да нейкай крыніцы. Вывучэнне гісторыі Беларусі адкрыла невядомы мне кантынент і пераканала ў тым, што народ у сваім развіцці і станаўленні абсалютна залежыць ад таго, наколькі ён ведае сваю гісторыю, а значыць, і самога сябе» [3, 14], - піша ён.

У кнізе «Здрапежаная зямля» дэталёва апісваюцца шматлікія войны і паўстанні, самыя значныя і ўплывовыя фігуры, падкрэсліваюцца іх асноўныя рысы характару. Творы скампанаваны адпаведна храналагічнай паслядоўнасці. Удала падабраны і назвы часткам кнігі: «Супрацьборства» і «Вынішчэнне». У першай ідзе аповед пра часы Вялікага княства Літоўскага, калі гэта дзяржава мела самастойнасць; а ў другой частцы разглядаюцца шматлікія войны на нашай зямлі, правядзенне палітыкі русіфікацыі, жорсткае панаванне Івана III, Васіля III, Аляксея Міхайлавіча, Пятра I, Кацярыны II.

ФІЛАЛАГГЧНЫЯ НАВУКІ

65

Драматург часам ідэалізуе галоўных персанажаў, засяроджвае ўвагу на станоўчых якасцях чалавека. Усё гэта падпарадкавана адной мэце: раскрыць напружанае змаганне беларускага насельніцтва за волю і незалежнасць. З дакументальнай дакладнасцю пададзены ў кнізе вобразы Льва Сапегі, Кейстута, Тадэвуша Касцюшкі, Януша Радзівіла, Жыгімонта, Ягайлы, Івана Гальшанскага, Багдана Хмяльніцкага, Міхала Клеафаса Агінскага, Міхала Казіміра Агінскага і многіх іншых.

Паўстанне М. Г лінскага - самае буйное палітычнае выступленне на тэрыторыі беларускіх зямель пасля феадальнай вайны 30-х гадоў XV стагоддзя. Міхал Г лінскі быў у свой час набліжаны да князя Аляксандра, лічыўся адукаваным, тонкім палітыкам. Адкрыта вёў барацьбу з ваяводам трокскім Янам Забярэзінскім, пачаў выступаць супраць Жыгімонта. Вядома, што з гэтай мэтай ён заручыўся падтрымкай Масковіі. Дэмарш М. Глінскага закончыўся няўдачай. У 1514 годзе пад Оршай гетман Астрожскі разбіў ушчэнт войска ўсходніх суседзяў. Менавіта гэтыя падзеі ляглі ў аснову п’есы «Расплата за здраду». Адчуваецца рэлігійнасць персанажаў, сляпая вера ў Бога. А. Петрашкевіч засяроджвае ўвагу на варожасці паміж Маскоўскім князем Іванам III і Аляксандрам - каралём Польшчы і ВКЛ. У творы пастаянна гучаць заклікі да змагання, да абароны Радзімы. Прывід Канстанціна Астрожскага гаворыць: «Як чорна і як цяжка - чужая нага на зямлі нашай мілай. Колькі надзей знішчана, колькі лёсаў парушана. Браты любыя, пакажыце звыклую мужнасць у гэты нялёгкі час!.. Няхай кожны акрыяе духам супраць непрыяцеля... Ведайце, што шчасце дапамагае смелым другам! Мужным слава даніну дае, а палахлівым - ганьбу!» [4, 100]. Прыведзеныя словы перадаюць боль за свой край прадстаўніка нашай краіны, падштурхоўваюць узняцца на змаганне з ворагам.

У п’есе «Час усё адкрые» галоўнымі героямі з’яўляюцца Януш Радзівіл - вялікі гетман ВКЛ, Аляксей Міхайлавіч - цар Русі, Ян Казімір - кароль Польшчы, Шарамецьеў -ваявода маскоўскі. Характарызуецца перыяд, калі была падпісана шведска-ліцвінская унія. Януш Радзівіл жадае захаваць вольным ВКЛ, а само пагадненне са шведамі ўспрымае як часовую з’яву: «Прыйдзе час і ўсё адкрые людзям. І людзі зразумеюць, што Радзівілы са сваімі паплечнікамі ратавалі свой край, як маглі, ад поўнай загубы і спадзяваліся на лепшае» [4, 203]. Паводле Кейданскага дагавора 1655 года ВКЛ парывала дзяржаўную унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. Ілюструецца палітычная гульня Расіі з Рэччу Паспалітай. На дапамогу Аляксею Міхайлавічу выступіў і Багдан Хмяльніцкі. Успамінаецца і рэформа патрыярха Нікана, які ставіў за мэту выпраўленне богаслужэбных кніг і абрадаў на грэчаскі ўзор, бо гэта павінна было дапамагчы «пашырыць ...межы на землях паўднёвых славян» [4, 175]. Думаецца, што дамінуючая ідэя кнігі «Здрапежаная зямля» Алеся Петрашкевіча заключаецца ў словах Януша Радзівіла: «...Цывілізаваны свет запыніў дыханне і чакае, ці хопіць у насяленцаў падмандатнай тэрыторыі жадання, здольнасці і мудрасці пераадолець вякамі прывітую памяркоўнасць, млявасць і абыякавасць да свайго далейшага лёсу і зрабіць вырашальны выбар - ці заставацца народам, нацыяй і вярнуцца да сваіх каранёў, ці запрадацца, а затым рассеяцца і распыліцца паміж чужымі абрабаванымі прапітымі народамі на прасцягах той Азіёпы пад двухгаловым крумкачом» [4, 206]. Сапраўды, на працягу многіх стагоддзяў перад нашай краінай стаяла гэта дылема. Бацькаўшчына прайшла доўгі і складаны шлях да свайго суверэнітэту, захавала сваю самабытнасць. Вялікая заслуга ў гэтым славутых сыноў краіны, якія вялі за сабою ўвесь народ.

Згодна з Люблінскай уніяй, Вялікае княства Літоўскае і Польшча злучаліся ў адну дзяржаву - Рэч Паспалітую на чале з адным выбраным кіраўніком. Асобны сейм ВКЛ скасоўваўся. Менавіта гэтыя падзеі раскрываюцца ў драме «Каралеўска-царская пастка». Бачна, што паслы ВКЛ імкнуліся захаваць самастойнасць сваёй краіны, прывілеі, каб не быць поўнасцю пад уладай Польшчы. Пра гэта сведчыць зварот Хадкевіча Яна Гераніма да польскага боку: «.Вы бераце унію з прыяцелямі сабе ў шляхецтве роўнымі, ладам дамовым годнымі» [4, 111]; «Мы прыехалі да вас па братэрства, па братэрскую міласць, а не страціць сваю Бацькаўшчыну, сваю дзяржаву і нашага пана - вялікага князя літоўскага, пазбаўленага свайго тытула княжацкага» [4, 114].

Жыгімонт II Аўгуст аб’яўляе, што з гэтага часу «ўводзяцца адна манета, адзін сейм, шляхта вызваляецца ад мыта, палякам дазваляецца набываць зямлю ў былым Княстве, а ліцвінам -у Польшчы» [4, 134]. Варта адзначыць, што Алесь Петрашкевіч ужывае вытрымкі з дакументаў, не перайначвае сапраўдныя факты. Гэта дадае п’есам канкрэтыкі, большай насычанасці, шматфарбнасці, набліжае да тагачаснай атмасферы, грамадскіх спраў.

Прыняцце Статута ВКЛ 1588 года апісана ў гістарычнай драме «Рупнасць дзяржаўцы». Гэты дакумент заканадаўча аформіў захаванне Вялікага княства Літоўскага як дзяржавы насуперак

66

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

акту Люблінскай уніі. Статут быў падрыхтаваны ў час панавання Стэфана Баторыя прававедамі, працай якіх кіравалі А. Б. Валовіч і Л. І. Сапега. Быў падпісаны Жыгімонтам III - каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ. Канцлер Валовіч упэўнены, што «толькі Статут, як збор усіх законаў, дасць магчымасць вывесці, вырваць Княства з цянётаў Люблінскай уніі, спыніць экспансію Польшчы. Толькі ён сцвердзіць непадлегласць і незалежнасць ліцвінскай дзяржавы, абароніць яе годнасць і права на свае тэрыторыі, надасць ёй роўнасць сярод роўных, возьме пад апеку родную нам мову і культуру. Урэшце, толькі Статут, як збор законаў, стане сапраўдным падмуркам дзяржавы і дзяржаўнасці» [4, 140-141].

Яскрава выпісаны вобраз Льва Сапегі - падканцлера ВКЛ, які жыў у час рэфармацыі і позняга гуманізму на тэрыторыі Беларусі. Вялікай заслугай яго было тое, што ён бачыў прычыны палітычнага і культурнага заняпаду краіны. Гэта актыўная, дзейсная асоба. Барацьба Л. Сапегі з уніяй акрэслілася ў працы над III-м Статутам, праз які праводзілася ідэя ўмацавання прававога парадку. Усе дзяржаўныя органы абавязаны былі дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з законам. Гэта выключала самаўладства кіраўнікоў дзяржавы, феадалаў. Радзівіл Крыштоф кажа: «Зямля наша... набрыняла крывёю, а сонца зацягнула шызым дымам пажараў... Ці не хопіць войнаў?!» [4, 142]. Заўважым, што гэта не адзінкавы прыклад, калі герой п’ес драматурга задае падобнае пытанне, разважае над лёсам краіны, імкнецца зразумець складанае становішча Айчыны, карэнным чынам выправіць яго.

Пісьменнік пераносіць нас на Грунвальдскае поле, канцэнтруе ўвагу на палітычных інтрыгах у трагедыі «Крыжовы шлях на Грунвальд». Характэрна для твора частая змена падзей, месца дзеяння: Трокі, Мальбург, Крэва, Вільня, Гародня, Кракаў, Салін і іншыя. Вядома, што Кейстут кіраваў у Троках і ўсёй заходняй частцы ВКЛ. Паміж імі Ягайлам разгарнулася барацьба, апошні меў падтрымку крыжакоў. Кейстут быў вераломна захоплены ў палон і задушаны. Вітаўта (яго сына) таксама пасадзілі ў склеп. Аднак Алена - нявеста слугі Кейстута - памянялася з князем вопраткаю падчас наведвання яго, таму Вітаўт выйшаў на волю. Спачатку пасябраваў з Ордэнам, потым далучыўся да Ягайлы. Упамінаецца ў творы і факт шлюбу Ягайлы з польскай каралевай Ядвігай, акаталічванне ўсіх. Аўтар звяртае ўвагу на эмацыйны стан герояў, іх думкі, паводзіны. Кейстут слушна даводзіў сыну: «.Там, дзе пачынаюцца дзяржаўныя інтарэсы, там канчаецца сяброўства. Золата агнём выпрабоўваецца, а сябар жыццёвымі напасцямі. Палітыка прызнае саюзнікамі хаўруснікаў, а сяброўства ў ёй - вельмі небяспечнае захапленне!» [4, 10]. Як бачна, А. Петрашкевіча цікавіць матывацыя ўчынкаў герояў, іх асабістыя і грамадскія імкненні.

Самым злосным ворагам ВКЛ быў Тэўтонскі ордэн, які рэгулярна здзяйсняў свае напады. Агульны вораг, а таксама Крэўская унія рабілі Польшчу і ВКЛ саюзнікамі. Крыжакі былі разгромлены падчас Грунвальдскай бітвы, бо войскі Ягайлы і Вітаўта аб’ядналіся. Ягайла кажа: «Не думаў я, дарагі мой брат Вітаўт, калі шмат гадоў таму, як ты чакаў ад мяне смерці ў крэўскім замку, што вось такі выпадзе нам лёс і былыя сябры, сваякі-братанічы, а пасля ворагі па Божай волі стануць баявымі пабрацімамі-саюзнікамі, і наканавана ім будзе плячо ў плячо разам завяршыць справу сваіх продкаў - перамагчы Ордэн» [4, 56]. З гэтага часу пакладзены канец ваеннай магутнасці тэўтонаў.

Некаторыя аспекты дзейнасці расійскай імператрыцы Кацярыны II паказваюцца ў драме «Развітанне з Радзімай». Засяроджана ўвага не толькі на дзяржаўных справах уладаркі трона, а і на яе асабістых пачуццях (каханне да Панятоўскага Станіслава Аўгуста - пасла Польшчы ў Расіі, караля Рэчы Паспалітай). Жанчына прызнаецца: «У свеце няма нічога лепшага і больш прыстойнага, чым дружба і каханне; выключыць іх з жыцця - усё роўна, што пазбавіць свет сонечнага святла...» [4, 210]. На яе думку, палітыка «заключаецца ў трох словах: абставіны, меркаванні і . выпадковасць» [4, 211]. Раскрываецца яе тонкі разлік, востры розум, багаты жыццёвы досвед, веданне законаў, псіхалогіі.

Міхал Клеафас Агінскі дае прысягу Кацярыне II і прэзентуе ёй паланэз «Развітанне з Радзімай». Выпісана яшчэ адна вольналюбівая асоба - Тадэвуш Касцюшка (герой вызваленчай вайны ў Амерыцы і паўстання 1794 г. на Беларусі). Расійская імперыя паўстае дзяржавай-агрэсарам, якая імкнецца завалодаць незалежнасцю «трох народаў - палякаў, ліцвінаў і жамойтаў» [4, 253]; Варта прывесці выказванні патрыёта: «Кожны чалавек, якой бы то ні было краіны, саслоўя або веры мае прыроджанае права атрымаць свабоду, валодаць уласнасцю, мець волю і роўнасць, у тым ліку і прыгонныя сяляне» [4, 253], «У Варшаўскай рыцарскай

ФІЛАЛАГГЧНЫЯ НАВУКІ

67

школе ідэалам справядлівасці для мяне стаў грэк Цімамон, які некалі даў волю свайму краю, раздаў зямлю тым, хто яе ўрабляў, склаў мудрыя законы. А сабе нічога не браў. Свайму юнацкаму куміру я быў верным усё сваё жыццё і застануся верным яму да апошняга дня жыцця» [4, 256]. Тадэвуш Касцюшка трапіў у палон. Паражэнне паўстання 1794 года было непазбежным, бо яго не падтрымала сялянства, слабай аказалася буржуазія.

У творы падкрэсліваецца і пастаянная знешняя расійска-ардынская небяспека для Рэчы Паспалітай. Апісваецца стварэнне «Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая». Гэта дзяржаўны дакумент, які рэгуляваў арганізацыю дзяржаўнай улады, правы і абавязкі грамадзян. Рэч Паспалітая стала канстытуцыйнай манархіяй. Кіраўніцтва караля абвяшчалася спадчынным. Каталіцызм з’яўляўся дзяржаўнай рэлігіяй. Улада падзялялася на заканадаўчую, выканаўчую і судовую галіны. Канстытуцыя карэнна змяніла структуру вышэйшых органаў улады. Сойм ператвараўся ў орган, здольны да дзеяння. Польскі палітычны дзеяч і асветнік Калантай Гуга зазначае, што «дзяржаве трэба асновы кадыфікацыі крымінальнага ды грамадзянскага права» [4, 230], ухваляе Статут княства.

Калі ў п’есе Уладзіміра Караткевіча «Кастусь Каліноўскі» супрацьпастаўляюцца дзве канстанты «смерць» і «неўміручасць», то Алесь Петрашкевіч галоўнае месца адводзіць паняццю волі. Для яго актыўны грамадскі і літаратурны дзеяч XIX стагоддзя паўстае ў вобразе рыцара - самаадданага, высакароднага чалавека, які змагаецца за незалежнасць Бацькаўшчыны. Аўтар дакладна перадае атмасферу паўстання 1863 года ў п’есе «Рыцар свабоды», уводзіць у тэкст і сам маніфест часовага ўрада Літвы і Беларусі, у якім насельніцтва заклікалася падняцца на ўзброеную барацьбу, жыхары аб’яўляліся раўнапраўнымі грамадзянамі незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Галоўны герой выпісаны шчырым, мужным абаронцам правоў беларуса. У яго думках, дзеяннях прасочваюцца паводзіны інтэлігентнага, выхаванага чалавека. Змагар вельмі спадзяецца на рэвалюцыйную дзейнасць, на выданне газеты «Мужыцкая праўда». Яго словы гучаць як палымяныя заклікі, лозунгі: «Дзецюкі! Гэта барацьба святая, яна за цэласнасць распаласаваных тваіх земляў, за ўласнасць абяздоленых у сваёй Айчыне сыноў, святая кроў, гераічна пралітая за свабоду і роўнасць усіх вызнанняў, традыцый і мовы тваіх братоў!.. Няма часу марудзіць, нам нельга ўжо цягнуць далей» [4, 270]. Аднак сялян сярод паўстанцаў было мала. Расійскія ўлады падавілі рэвалюцыйную хвалю дзякуючы вайсковай сіле і жудасным рэпрэсіям у адносінах да яго ўдзельнікаў. Значную ролю ў гэтым плане адыграў віленскі генерал-губернатар М. М. Мураўёў, які самааддана выконваў сваю справу. «Я уже не молод, я почти стар, и священный мой долг перед Россией и её цесарем в том, чтобы теперь уже в последний раз через такое сито просеять относительно просвещённую часть населения этого опасного края, чтобы в нём не осталось и следа даже от маломальского проблеска национального духа и интеллекта вообще» [4, 289]. Узнаўляючы ў творы допыты Каліноўскага, пісьменнік акцэнтуе ўвагу на трапнасці арыштанта. Наконт палітыкі Мураўёва патрыёт кажа, што той «вырашыў нас скрашыць і зламаць, знішчыць і змесці. Мэта неразумная і звярыная...» [4, 302]. Адкрыта ў вочы яму заяўляе: «Усё сваё жыццё ніколі не ішоў у кірунку сваіх перакананняў, якіх у яго ніколі і не было, а заўсёды ішоў у напрамку палітычнага спадарожнага ветру, які ліслівіў, кланяўся, выкручваўся. Прыніжаўся ўсялякім чынам, які ведаў толькі ўладалюбства і прагнасць, які нарэшце быў абвінавачаны ў бязмежным казнакрадстве і спісаны царом у адстаўку і тым жа царом быў прызначаны нам у якасці крывавага ката» [4, 307]. Паралельна з развіццём грамадскіх падзей падаецца і любоўная лінія: каханне Кастуся і Марысі Ямант. Гэта сапраўды чыстыя і светлыя адносіны адзін да аднаго, узаемны клопат і давер. Дваццацішасцігадовы юнак выклікае захапленне і павагу нават у Мураўёва. Каліноўскага прыгаварыў ваенны суд да вышэйшай меры пакарання. Аднак Алесь Петрашкевіч сцвярджае, што герой усё роўна застаўся пераможцам, з годнасцю вытрымаў допыты, нават паспеў «прынізіць» ворагаў.

Падзеі Слуцкага паўстання, з’езда 14 лістапада 1920 года сталі матэрыялам для трагедыі «Апошні збройны чын». Кіравалі з’ездам беларускія эсэры, якіх падтрымлівала большасць дэлегатаў. На ім была абрана Беларуская рада Случчыны на чале з У. М. Пракулевічам, якая была апанавана імкненнем аднавіць незалежнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах, захаваць правы сялянства ад гвалтаў «з боку чужаземных захватчыкаў» [4, 366]. Адзін з галоўных персанажаў твора Якубецкі Андрэй заяўляе: «Слуцкае паўстанне давяло ўсяму свету волю беларускага народа да самастойнага незалежнага жыцця. Яно давяло, што беларускі народ рашуча й станоўча

68

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

адкідае апеку так званых братоў як з Усходу, так і з Захаду» [4, 256]. Камандзір Слуцкай брыгады капітан П. М. Чайка і камандзір палка А. Анцыповіч усведамлялі, што ў складзе іх войска недастатковая колькасць змагароў. Калі П. М. Чайка пакінуў брыгаду, камандаванне ўзяў на сябе штабс-капітан А. А. Сокал-Кутылоўскі. Аднак ніякіх узброеных сутыкненняў з Чырвонай Арміяй не адбылося. Вядома, што Расія падпісала з Польшчай Рыжскі мірны дагавор у 1921 годзе. Негатыўнай з’явай пагаднення быў адыход тэрыторыі Заходняй Беларусі да Польшчы.

Гістарычная трагедыя «Наканавана быць Прарокам» А. Петрашкевіча раскрывае час барацьбы з беларускім нацыянал-дэмакратызмам. У 30-я гады ХХ стагоддзя ідэя нацыянальнага Адраджэння аб’явілася крымінальнай. Творчая інтэлігенцыя, лепшыя дзяржаўныя дзеячы аказаліся ў засценках ДПУ. З дакументальнай дакладнасцю распавядаецца ў п’есе пра напружаны час у жыцці Я. Купалы, праўдзіва перадаецца жудасная атмасфера ў грамадстве. Галоўнае для ўлады - разгром контррэвалюцыйнай арганізацыі. Таму з’яўляюцца ў краіне даносчыкі, правакатары, прыстасаванцы. Напрыклад, Бэндэ дзеля выслугі распавядае пра літаратурныя гурткі ў краіне, пра дзейнасць кожнага пісьменніка. Даносчык сцвярджае так: «І не мае значэння, хто, што і як піша. Для нас найважнейшы клясавы прынцып - «свой» ён ці «чужы» [4, 381].

Занатоўваюцца ў трагедыі шматлікія начныя допыты, на якіх пясняр паводзіць сябе спакойна, упэўнена, годна трымаецца. Янка Купала вядзе размовы з сабакам, бо нікому нельга давяраць. Назіраюцца песімістычныя ноткі ў яго голасе: «Паламалі мяне, Журан, пакалечылі, знявечылі, зруйнавалі!.. Адабралі пакой і ўпэўненасць. Мой верш страціў свой патаемны сэнс. У свеце няма праўды і сумленнасці, а ў душы Паэта няма больш суладнасці. А думка ж Паэта павінна быць вольнаю, як вецер, і безгранічнаю, як даль усясветная» [4, 386-387]. У вершы «Перад будучыняй», уведзеным у кантэкст п’есы, далейшы лёс землякоў бачыцца яму невядомым, гучаць матывы расчаравання, адчування нацыянальнага ўшчамлення. Гэта дысгармонія ў душы паэта, а таксама выклік у ДПУ ў лістападзе 1930 года прывялі песняра да спробы самагубства. Ён пакідае ліст на імя старшыні ЦВК СССР і БССР Чарвякова, у якім са шчырасцю занатоўвае : «Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасці Беларусі... Уміраю, прымаючы тое, што лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная палітычная» [4, 411]. Пад час знаходжання пісьменніка ў бальніцы ў «Звяздзе» выдаецца ад яго імя «Адкрыты ліст...», у якім асуджаюцца адраджэнскія ідэі беларускай незалежнай дзяржавы, змяшчаецца пакаянне аўтара. Але вядома, што Я. Купала ніколі ў жыцці не адмаўляўся ад сваёй песні, мараў, лёсу змагара. Уся яго творчая дзейнасць «узнікла як выяўленне і адбітак сутнасці важнейшых гістарычных этапаў фарміравання грамадскай, сацыяльнай і эстэтычнай свядомасці беларускага народа» [5, 9].

Слушна заяўляе Духоўнік, які прыходзіць адпусціць грахі пісьменніку ў бальніцу: «Народ нельга закатаваць ці забіць, калі ён народ! Калі яму не здраджваюць павадыры! А вы, шаноўны паэт, амаль не здрадзілі. Вялі, вялі сляпых, а потым наважыліся і сябе асляпіць» [4, 416].

Апісаны ў творы і размовы героя з Я. Коласам і У. Ігнатоўскім. Відавочна, што хвалюе іх тагачасны рэжым, становішча народа. Усевалад Макаравіч падкрэслівае, што назіраецца генацыд супраць беларусаў: «Пачынаюць, як бачыце, з вынішчэння рыцараў Адраджэння. А іх яшчэ так нямнога... Так мала!..» [4, 409]. Даведваемся і пра напісанне Якубам Коласам пакаяльнага ліста.

На працягу ўсяго твора гучаць публіцыстычныя радкі песняра, вершы. Аўтар ужо з першых сваіх выступленняў у друку выказаў прыхільнае стаўленне да нацыянальнага самавызначэння. Пісьменнік «настойліва і нястомна тварыў нацыю беларусаў, як мог і як умеў фарміраваў яе самабытнае духоўнае аблічча, пашыраў нацыянальную свядомасць, узбагачаў беларускую літаратурную мову, надзяляў беларусаў мастацкімі фарбамі, вызначаў іх духоўныя арыенціры» [4, 2]. Лагічна ўжыты ў творы артыкулы «Больш самачыннасці», «Незалежнасць». У першым складанасць становішча землякоў вытлумачваецца і асаблівасцямі нацыянальнага характару: «Цікавыя людзі мы - беларусы!.. Ліха церпім ды чакаем, што вось нехта прыйдзе і гэта нашае ліха забярэ з сабою» [4, 389]. Другі артыкул раскрывае асноўную ідэю беларускай аўтаномнасці. Аўтар задумваецца над тым, чаму ўзнікаюць і атрымліваюць прызнанне новыя дзяржавы - Польшча, Літва, Украіна і іншыя, маюць права на незалежнасць: «На ўсякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую. Чаму гэта так?..» [4, 403].

ФІЛАЛАГГЧНЫЯ НАВУКІ

69

Па вершах, выкарыстаных у п’есе «Наканавана быць Прарокам», можна прасачыць асноўны накірунак ідэй песняра: пратэст супраць несправядлівых законаў, імкненне да волі, чаканне новага парадку, барацьба за ўсё беларускае, заклік да змагання:

«...Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!

Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!» [4, 421].

Як бачна, Янка Купала паўстае змагаром за самабытнасць беларусаў, нацыянальнае самавызначэнне. Відавочная яго павага да свайго этнасу, патрыятызм, непрымірымасць да нацыянальнага прыгнёту. Класік выказваецца словамі народа, жыве яго надзеямі, думкамі, праблемамі.

П’еса «Дагарэла свечачка» прысвечана аўтарам матулі, напісана як маналог беларускі. Падаецца плач нашай краіны па сваіх дзецях, ужываецца ў творы і калыханка. Аўтар ілюструе перыяд эвакуацыі пасля Чарнобыля з забруджаных тэрыторый. Старых людзей накіроўваюць у багадзельні. Уздымаецца жаночае пытанне, недахоп мужчын па прычыне войнаў, адсюль ідзе матыў нязведанага кахання, неспазнанага шчасця. Гучна пастаўлена праблема п’янства пасля аварыі. Згадваюцца такія гістарычныя перыяды, як улада Чырвонай Арміі, кіраўніцтва Сталіна, стварэнне калгасаў, Вялікая Айчынная вайна. Удала ўплецена ў сюжэтную канву твора малітва галоўнай гераіні Марфы, якая не жадае развітвацца са сваім родным кутком: «. Госпадзі, не забудзь крыўдзіцеляў нашых, і благотнікаў таксама. Аддай кожнаму па заслугах іх. А нас, грэшных, што дзетак нарадзілі на здзек ворагам і сваёй дурной уладзе, якая нас вяла, вяла і давяла да Чорнай зоркі. А калі ўсё гэта з тваёй волі, Божачка, то скажы, за што?» [4, 443]. Гаспадыня запальвае сваю хату і кладзецца ў дамавіну. Гэтым учынкам пацвярджаецца яе няскоранасць лёсу, абставінам. Драматург пераконвае, што беларусаў не знішчыць.

Вывады

Такім чынам, гістарычныя п’есы Алеся Петрашкевіча з кнігі «Здрапежаная зямля» маюць інфармацыйны змест, раскрываюць шырокую панараму тагачасных падзей, узнаўляюць фактаграфічныя матэрыялы, дапамагаюць усведамленню нацыянальнай годнасці, умацаванню беларускай самасвядомасці, характарызуюць рыцараў нацыянальнага руху. Аўтар удала скампанаваў творы, падабраў ім адпаведныя назвы. Відавочная яго занепакоенасць лёсам Беларусі, месцам дзяржавы сярод іншых. Пісьменнік звярнуў увагу на найбольш значныя паўстанні і войны XIV-XX стагоддзяў, выкарыстаў у сваіх трагедыях і драмах даследаванні вучоных у галіне гісторыі.

Літаратура

1. Патук, Т. Да юбілею Алеся Петрашкевіча / Т. Патук // Бібліятэка прапануе. - 2005. - № 2. - С. 24.

2. Петрашкевіч, Алесь. Ці можна пагадзіцца з Шэкспірам? Тэма для невялікай аднаактоўкі, якую, магчыма, напіша драматург Алесь Петрашкевіч / Алесь Петрашкевіч ; гутарыла Таццяна Падаляк // Звязда. -29 крас. - 2000. - С. 7.

3. Шапран, Сергей. Драматургия жизни. Желая вернуть белорусам историческую память, Алесь Петрашкевич вынужден писать в стол / Сергей Шапран // Белорусская деловая газета. - 2000. - 21 июля. -№ 14. - С. 14.

4. Петрашкевіч, Алесь. Здрапежаная зямля / Алесь Петрашкевіч. - Мінск : УП «Тэхнапрынт», 2003. - 448 с.

5. Майхровіч, А. Грамадска-палітычныя погляды Янкі Купалы / А. Майхровіч // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. - 1982. - № 3. - С. 9-15.

Summary

Artistic comprehension of history of our country in the plays by Ales Petrashkevich is considered in the article (on the example of the book «Exhausted land»). The emphasis is made on the author's use in his creative work of documents, new research materials of Belarusian historians while describing panoramic events of the 14th-20th centuries. The playwright characterizes the representatives of the national movement, supports the aspiration for independence.

Паступіўурэдакцыю 06.07.10.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.