Научная статья на тему 'Канцэптуальныя асновы і тэхналогія арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў'

Канцэптуальныя асновы і тэхналогія арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў Текст научной статьи по специальности «Науки об образовании»

CC BY
195
43
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

Аннотация научной статьи по наукам об образовании, автор научной работы — Кавалевіч Марыя Сцяпанаўна

У артыкуле прадстаўлены аўтарскі падыход да вырашэння праблемы прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў. Выяўлены заканамернасці і прынцыпы арганізацыі прафесійнага самавызначэння асобы, на аснове якіх пабудавана эксперыментальная тэхналогія арганізацыі прафесійнага самавызначэння. Тэхналогія разглядаецца як працэс рэалізацыі крэатыўных магчымасцяў педагогаў і вучняў. Яе сутнаснымі характарыстыкамі з’яўляюцца нелінейнасць, наяўнасць механізму самаарганізацыі і самаразвіцця, раўназначнасць прамой і зваротнай сувязі, партнѐрскія ўзаемаадносіны «аптант – прафкансультант», спантаннае ўзрастанне патрабаванняў да суб’ектаў прафесійнага выбару, перспектыўнае ўскоснае ўздзеянне на асобу, залежнасць ад фазнасці руху сістэмы ў працэсе яе станаўлення і развіцця.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.
iНе можете найти то, что вам нужно? Попробуйте сервис подбора литературы.
i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.

In the article the author’s approach to solving the problem of professional self-identification of senior high school students is presented. The conformities and principles of organization of personal self-identification, on the basis of which the experimental technology of organization of personal self-identification is built, are outlined. The technology is viewed as a process of realization of teachers and pupils’ creative opportunities. It’s sense characteristics are non-linear character, availability of mechanism of self-organization and self-development, equivalentness of direct and indirect connection, partnership interrelation «aptant – professional consultant», spontaneous raise of requirements to the subjects of professional choice, perspective indirect influence on a person, dependence from phase character of system movement in the process of its formation and development.

Текст научной работы на тему «Канцэптуальныя асновы і тэхналогія арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў»

50

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

УДК 37.013.46

М. С. Кавалевіч

КАНЦЭПТУАЛЬНЫЯ АСНОВЫ І ТЭХНАЛОГІЯ АРГАНІЗАЦЫІ ПРАФЕСІЙНАГА САМАВЫЗНАЧЭННЯ СТАРШАКЛАСНІКАЎ

У артыкуле прадстаўлены аўтарскі падыход да вырашэння праблемы прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў. Выяўлены заканамернасці і прынцыпы арганізацыі прафесійнага самавызначэння асобы, на аснове якіх пабудавана эксперыментальная тэхналогія арганізацыі прафесійнага самавызначэння. Тэхналогія разглядаецца як працэс рэалізацыі крэатыўных магчымасцяў педагогаў і вучняў. Яе сутнаснымі характарыстыкамі з’яўляюцца нелінейнасць, наяўнасць механізму самаарганізацыі і самаразвіцця, раўназначнасць прамой і зваротнай сувязі, партнёрскія ўзаемаадносіны «аптант - прафкансультант», спантаннае ўзрастанне патрабаванняў да суб’ектаў прафесійнага выбару, перспектыўнае ўскоснае ўздзеянне на асобу, залежнасць ад фазнасці руху сістэмы ў працэсе яе станаўлення і развіцця.

Уводзіны

Праблема прафесійнага самавызначэння (ПСВ) з пункту гледжання глабалістыкі адносіцца да антрапасацыяльных праблем, якія звязаны з адносінамі паміж чалавекам і грамадствам. Гэта праблема з катэгорыі «вечных». Супрацьлегласці асобы і грамадства, якія спараджаюць гэту праблему, узнаўляюцца пастаянна ў сувязі з індывідуальнымі прафесійнымі лёсамі і новай сацыякультурнай сітуацыяй, якая складваецца ў рэспубліцы.

Трэба адзначыць, што прафесійнае самавызначэнне навучэнскай моладзі адносіцца да ліку праблем, якія дастаткова шырока даследуюцца як айчыннай, так і замежнай навукай. Класічнымі ў тэорыі прафесійнай арыентацыі моладзі сталі работы П. Р. Атутава [1], Я. М. Бабосава [2],

A. Я. Галамштока [3], Я. А. Клімава [4], Т. В. Чэрнікавай [5], С. М. Чысцяковай [6] і інш.

Сярод беларускіх аўтараў, у працах якіх разглядаюцца розныя аспекты праблемы жыццёвага прафесійнага самавызначэння, трэба назваць А. М. Дулуб [7], Ж. Я. Завадскую [8],

B. А. Олекс [9], А. М. Прашчыцкую [10], М. К. Сцепаненкава [11] і інш.

Даследчыкі ўнеслі значны ўклад у развіццё педагогікі эпохі індустрыяльнага грамадства: распрацаваны політэхнічныя асновы адукацыі; створана выхаваўчая канцэпцыя прафесійнай арыентацыі; апрабіравана сістэма прафесійнай арыентацыі ва ўмовах планавай сацыялістычнай эканомікі; абгрунтавана сутнасць сістэмнага падыходу ў даследаванні праблемы прафесійнай арыентацыі.

У замежнай літаратуры, у прыватнасці англамоўнай, больш блізкім да паняцця самавызначэнне з’яўляецца паняцце асобаснай ідэнтычнасці (Personal identity). Э. Эрыксан, які стаіць у вытокаў вывучэння ідэнтычнасці, вызначае яе набыццё як псіхалагічную задачу старэйшага падлеткавага і юнацкага ўзростаў. Развіццё ідэнтычнасці разумеецца як «... працэс, укаранёны і ў індывіду, і ў культуры, які вызначае “ідэнтычнасць гэтых ідэнтычнасцяў” [12, 22].

Паслядоўнік Эрыксана П. Вайнрайх асноўную ўвагу надае часаваму аспекту ідэнтычнасці і вызначае ідэнтычнасць як цэласнасць самаканструявання. Чалавек канструюе сябе ў цяперашні час, выражае пераемнасць паміж тым, як ён канструктуе сябе такім, якім быў у мінулым часе, і як ён канструктуе сябе такім, якім спадзяецца стаць у будучым [13]. Т. Люкман, даследуючы ідэнтычнасць, падкрэслівае, што адным са складнікаў ідэнтычнасці з’яўляецца рэфлексіўная свядомасць, якая забяспечвае пэўную ступень свабоды ад асяроддзя [14].

Вядучай у ЗША з’яўляецца Канцэпцыя прафесійнага развіцця, у станаўленне якой значны ўклад унеслі А. Маслоў, Э. Гінзберг, Д. Сьюпэр, К. Р. Роджэрс і інш. Канцэпцыя развіцця засноўваецца на асобасных падыходах, імкненні чалавека да самаразвіцця і самаўдасканалення. Яна ўлічвае змены, якія адбываюцца ў працы і ў чалавеку ў працэсе працоўнай дзейнасці. Асноўная ідэя гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што выбар прафесіі з’яўляецца працэсам, які адбываецца на працягу пэўнага часу (10 год па Х. Кітсон), а не падзеяй у канкрэтны момант жыцця [15].

ПЕДАГОГІКА І ПСІХАЛОГІЯ

51

У даследаваннях Х. Нэмі паказаны ўяўленні фінскіх школьнікаў пра сэнс жыцця і жыццёвыя мэты. Вучоны ўстанавіў, што ад выбару чалавекам установак і каштоўнасцяў залежыць асэнсаванасць яго жыцця. Маладыя людзі, якія знайшлі сэнс жыцця, больш станоўча адносяцца да сваіх штодзённых абавязкаў, яны больш актыўныя і больш паспяхова спраўляюцца з жыццёвымі задачамі, чым тыя, у каго адсутнічае сэнс у жыцці («экзістэнцыяльны вакуум») [16].

Сістэмны разгляд сутнасці прафесійнай арыентацыі дазваляе асэнсаваць яе ролю ў рэалізацыі адукацыйных тэндэнцый постіндустрыяльнага грамадства. У гэтых адносінах заслугоўвае ўвагі пазіцыя японскага вучонага С. Фукуямы, які вызначае прафесійную арыентацыю як складаную, шматпланавую з’яву, у якой спалучаюцца эканамічныя працэсы з сацыяльнымі, адукацыйныя з псіхалагічнымі. Прафесійная арыентацыя разглядаецца С. Фукуяма як неад’емная частка бесперапыннай адукацыі [17, 17], а яе ўзнікненне вучоны звязвае «з асаблівай унікальнай з’явай сінтэзу двух знешне супрацьлеглых феноменаў - адукацыі і эканомікі» [17, 12].

Разам з тым адкрытасць працэсу прафесійнага самавызначэння, які знаходзіцца пад уплывам разнастайных фактараў (эканамічных, сацыяльных, прававых), магчымасць непрагназаванага выбару пад уплывам дадатковай інфармацыі, пастаянныя змены ў прафесійнай дзейнасці людзей, з’яўленне адных і знікненне іншых спецыяльнасцяў, поліварыянтнасць шляхоў прафесійнага развіцця і непрадказальнасць вынікаў прынятых рашэнняў, адкрытасць, незавершанасць і здольнасць да самаразвіцця чалавечай асобы робяць магчымым і неабходным навуковае даследаванне працэсаў прафесійнага самавызначэння ў кантэксце тэорыі самаарганізацыі або сінергетыкі (І. Прыгожын, І. Стенгерс [18], Н. М. Таланчук [19] і інш).

Папярэдняе даследаванне дазваляе канстатаваць, што сістэмных работ, мэтай якіх з’явіліся б распрацоўка канцэпцыі, мадэляў і тэхналогіі арганізацыі псіхолага-педагагічнай падтрымкі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў у рэчышчы постнекласічных парадыгмальных уяўленняў у педагагічнай навуцы не было.

Адсюль праблема: якія тэарэтычныя асновы і тэхналогія арганізацыі забяспечаць аптымальнае прафесійнае самавызначэнне старшакласнікаў у новых сацыяльна-эканамічных умовах.

Мэта даследавання: распрацаваць тэарэтычныя асновы, стварыць і эксперыментальна апрабіраваць тэхналогію арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў.

Заданы даследавання:

1. Даказаць эўрыстычную каштоўнасць і перспектыўнасць міжцысцыплінарнага сінергетычнага падыходу ў даследаванні і арганізацыі працэсаў прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў.

2. Распрацаваць канцэпцыю арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў.

3. Сканструяваць і эксперыментальна праверыць тэхналогію арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў і выявіць яе эфектыўнасць.

Вынікі даследавання і іх абмеркаванне

Даказана эўрыстычная каштоўнасць і перспектыўнасць міждысцыплінарнага сінергетычнага падыходу ў даследаванні і арганізацыі працэсаў прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў. Сінергетычны падыход акцэнтуе ўвагу на аспектах ПСВ, найбольш характэрных для стадыі аптацыі (адкрытасць, няўстойлівасць, непрадказальнасць, нелінейнасць, флуктуацыйнасць) і адэкватна адлюстроўвае спосабы вырашэння складанай шматаспектнай праблемы прафесійнага самавызначэння моладзі ў сучасным дынамічным свеце. Лінейнае мысленне можа быць небяспечным у складанай нелінейнай рэальнасці прафесійнага выбару.

Развіццё і канкрэтызацыя ідэй сінергетычнай тэорыі самаарганізацыі, далучэнне іншых крыніц навукова-педагагічнай аргументацыі, а таксама даныя вопытна-эксперыментальнага даследавання дазволілі распрацаваць канцэпцыю арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў, якая грунтуецца на наступных палажэннях:

• прафесійнае самавызначэнне старшакласніка мэтазгодна разглядаць як сінергетычную сістэму, паколькі яно з’яўляецца няўстойлівым, флуктуацыйным, адкрытым для развіцця і станаўлення асобы. Фактар выпадковасці тут можа адыграць вырашальную ролю. Перадумовамі ўзнікнення і развіцця працэсаў самавызначэння з’яўляюцца: актыўнасць асобы, імкненне яе да самарэалізацыі, наяўнасць хаосу (сітуацыя нявызначанасці, адсутнасць адзінага рашэння праблемы прафесійнага выбару) як канструктыўнага механізму самаарганізацыі і выхаду сістэмы на ўласную траекторыю развіцця, а здзейснены прафесійны выбар з’яўляецца інтэграваным вынікам узаемадзеяння хаосу і ўпарадкаванасці; імавернасці і дэтэрмінаванасці; неабходнасці і выпадковасці (выпадковасць разглядаецца не як выключэнне ў працэсе прафесійнага выбару, а як дапушчальна магчымы канструктыўны механізм развіцця і прафесійнага самавызначэння асобы);

52

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

• генезіс прафесійнага самавызначэння забяспечваецца спосабамі ініцыіравання ўласных тэндэнцый развіцця сістэмы за кошт працэсу арганізацыі рэзананснага асяроддзя, узнікнення механізму самаарганізацыі асобы і пераводу яе на аснове дакладнага і своечасовага ўздзеяння да якасна новага стану развіцця, што вызначаецца атрактарам у кропцы біфуркацыі;

• імаверны прагноз магчымы, паколькі выбар адбываецца дзякуючы спалучэнню імавернага характару развіцця з дэтэрмінантным фактарам: свядомы адбор знешніх фактараў і спалучэнне іх з уласнай інфармацыйнай праграмай асобы;

• у якасці імавернага механізму прафесійнага выбару выступае спалучэнне магчымых шляхоў развіцця дысіпатыўнай сістэмы (тэзаўрус), унутранае ўзаемадзеянне паміж яе элементамі ў выглядзе кааперацыі або канкурэнцыі (дэтэктар), адбор магчымых кірункаў развіцця сістэмы ў мэтах асобаснага росту (селектар); устойлівы стан прафесійнага выбару вызначаецца каштоўнасцямі сістэмы, якія выконваюць ролю атрактараў і прыводзяць у дзеянне механізм самавызначэння асобы;

• працэс прафесійнага самавызначэння асобы як дысіпатыўнай сістэмы можна ўявіць як паслядоўнае разгортванне логікі разнастайных фаз стварэння парадку ў сістэме прафесійнага самавызначэння (ажыццяўленне прафесійнага выбару) і захавання парадку (забеспячэнне ўстойлівасці прафесійнага выбару). Тэхналогія арганізацыі прафесійнага самавызначэння асобы залежыць ад фазнасці руху сістэмы ў працэсе яе станаўлення і развіцця: толькі ў пунктах біфуркацыі (максімальнай няўстойлівасці) могуць быць выкарыстаны інфармацыйныя спосабы ўплыву на выбар шляхоў развіцця асобы;

• эфектыўнасць арганізацыі прафесійнага самавызначэння залежыць не столькі ад сілы (велічыні, інтэнсіўнасці, працягласці) педагагічнага ўплыву, колькі ад яго адпаведнасці ўнутраным тэндэнцыям развіцця сістэмы і своечасовасці выкарыстання: чым шырэйшы агульны спектр інтэгравання знешняга ўздзеяння з унутранымі тэндэнцыямі сістэмы, тым мацнейшы іх сінергетычны эфект. Вырашальную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае не барацьба за існаванне, а ўзаемадапамога, узгодненасць, супрацоўніцтва, сумесныя намаганні педагога і выхаванца ў пабудове і здзяйсненні жыццёвай перспектывы;

• такім складаным сінергетычным сістэмам, як чалавечая асоба, нельга звонку навязваць шляхі іх развіцця. Усялякая «навязаная» звонку праграма паводзінаў можа прывесці да непасрэдных і больш аддаленых негатыўных вынікаў. Таму зразумела, наколькі важна педагогу, які знаходзіцца ў рэжыме прафкансультанта, ведаць унутраныя якасці асобы, якая развіваецца, алгарытмы яе функцыянавання, законы самаарганізацыі ў цэлым;

• рэгулятыўнай асновай, што вызначае змест, формы, метады і сродкі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў у адпаведнасці са стратэгічнай мэтай, з’яўляецца сістэма сінергетычных прынцыпаў (планаванне дамінантнай перспектывы, поліварыянтнасць шляхоў прафесійнага развіцця, доўгатэрміновае дзеянне, ізамарфізм натуральнага працэсу самаарганізацыі асобы і штучнага працэсу арганізацыі прафесійнага самавызначэння, адкрытасць прафесіяграфічнай і псіхалагічнай інфармацыі).

Мадэляванне працэсу арганізацыі прафесійнага самавызначэння на падставе сінергетычнага падыходу прынцыпова мяняе тэхналогіі педагагічнай дзейнасці. Тэхналогія разглядаецца як працэс рэалізацыі крэатыўных магчымасцяў педагогаў і вучняў. Яе сутнаснымі характарыстыкамі з’яўляюцца нелінейнасць, наяўнасць механізму самаарганізацыі і самаразвіцця, раўназначнасць прамой і зваротнай сувязі, партнёрскія ўзаемаадносіны «аптант -прафкансультант», спантаннае ўзрастанне патрабаванняў да суб’ектаў прафесійнага выбару, перспектыўнае ўскоснае ўздзеянне на асобу, залежнасць ад фазнасці руху сістэмы ў працэсе яе станаўлення і развіцця.

У сінергетычнай фазе тэхналогія прадстаўлена базавай стратэгіяй арганізацыі прафесійнага самавызначэння: арыентацыя аптанта на магчымасць мабільнасці выбараў на прафесійным шляху, нелінейны дыялог, саўдзел у жыццёвых лёсах старшакласнікаў, эўрыстычныя метады, метад «мяккіх сістэм», аўтапаезіс, коўчынгавыя і каўнселінгавыя метады, метад эмпаўрмента, прыёмы ўвядзення новых параметраў парадку, стварэнне камфортных умоў паблізу кропак біфуркацыі для выбару адэкватнага атрактара, эксперыментаванне з прафесійнымі ролямі, папярэджанне крытычных памылак, забеспячэнне выхаду з праблемнай сітуацыі ў кірунку асобаснага і прафесійнага росту.

ПЕДАГОГІКА І ПСІХАЛОГІЯ

53

Кібернетычная фаза захавання парадку - гэта ажыццяўленне запланаванага прафесійнага выбару шляхам папярэджання адхіленняў ад пастаўленай мэты, каардынацыя працэсу дасягнення прыватных задач, мінімізацыя варыянтаў выбару, інтэграцыя іх у кірунку агульнай, свабодна пастаўленай мэты з прымяненнем адаптыўных тэхналогій, прыёмаў самаканструявання прафесійна неабходных якасцяў, метадаў псіхалагічных, прафесіяграфічных, сэнсастваральных модуляў, творчага канструявання прафесіяграфічных ведаў, праектных метадаў.

Тэхналогія ажыццяўляецца ў рэзанансным адукацыйным асяроддзі, уяўляе дысіпатыўную дыдактычную сістэму, якая ініцыіруе працэсы самаарганізацыі і самавызначэння і мае імаверна прагназуемы характар: аднолькавая дзейнасць педагога можа ініцыіраваць

прынцыпова розныя віды дзейнасці вучняў, што вядзе да адрозных вынікаў у дасягненні пастаўленых мэтаў.

Эфектыўнасць тэхналогіі арганізацыі прафесійнага самавызначэння выяўлялася ў ходзе педагагічнага эксперыменту (канстатуючы, пошукавы, пераўтваральны, кантрольны этапы). У эксперыменце прымалі ўдзел 420 ліцэістаў і гімназістаў 9-11 класаў Брэсцкай, Мінскай, Магілёўскай абласцей, 120 настаўнікаў.

Прыводзім вынікі сфарміраванасці кагнітыўнага, эмацыянальнага і рэгулятыўнага крытэрыяў самасвядомасці вучняў 11-х класаў эксперыментальнай (Эг) і кантрольнай (Кг) груп (малюнак 1). Як відаць з гістаграмы, найбольш істотныя змены адбыліся ў ступені развітасці кагнітыўнага крытэрыя (інфармацыйнае поле асобы) у эксперыментальнай выбарцы (Эг) у параўнанні з кантрольнай (Кг): колькасць вучняў, якія маюць высокі ўзровень развіцця кагнітыўнага крытэрыя, узрасла з 24% да 79% (рост на 55%) пасля правядзення эксперыментальнай работы. А, як вядома, у прафесійнай самасвядомасці ўяўленні аб будучай прафесійнай дзейнасці выконваюць матывацыйную функцыю. Яны вызначаюць эмацыянальныя адносіны да абранай прафесіі, яе асаблівасцяў, дапамагаюць знайсці асобасны сэнс будучай прафесійнай дзейнасці. Не меншае значэнне для прафесійнага выбару маюць уяўленні аптанта пра свае асобасныя якасці.

Малюнак 1 - Гістаграма даных ступені развітасці кагнітыўнага, эмацыянальнага і рэгулятыўнага крытэрыяў самасвядомасці вучняў 11-х класаў эксперыментальнай (Эг) і кантрольнай (Кг) груп

54

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

Дастаткова істотныя змены адбыліся і ў эмацыянальным кампаненце самасвядомасці (энергетычнае поле асобы). Колькасць рэспандэнтаў, якія маюць высокі ўзровень эмацыянальнага крытэрыю, павялічылася з 21% да 49% (рост на 28%). А гэта значыць, вучні паверылі ў свае магчымасці, навучыліся супастаўляць асобасныя якасці з патрабаваннямі прафесіі, узрасла іх цікавасць да будучай прафесійнай дзейнасці.

Адзначаны рост колькасці аптантаў з высокім узроўнем рэгулятыўнага крытэрыю з 23% да 56% (на 33%). А г. зн. адбылося ўсведамленне неабходнасці планавання ўласнай прафесійнай будучыні, уменне складаць прафесійныя планы і знаходзіць сродкі для іх ажыццяўлення, ставіць задачы па ўласным самаўдасканаленні, шукаць і знаходзіць сэнс жыцця, у якім прафесійная дзейнасць займае годнае месца.

У працэсе даследавання ўстаноўлена, што генезіс прафесійнага самавызначэння з’яўляецца нераўнамерным. У большай ступені зменам паддаюцца кагнітыўны і рэгулятыўны складнікі. Эмацыянальны складнік з’яўляецца больш устойлівым. Атрыманыя даныя з’яўляюцца важнымі пры планаванні працэсаў актывізацыі прафесійнага самавызначэння, самаразвіцця і самаактуалізацыі як дэтэрмінантаў асобаснага развіцця і прафесійнага станаўлення асобы.

На аснове названых крытэрыяў, улічваючы ступень іх выразнасці, было вылучана чатыры ўзроўні развітасці самасвядомасці аптантаў у працэсе іх прафесійнага самавызначэння: дапрафесійны, пачаткова-прафесійны, нарматыўна-прафесійны і ўзровень прафесійнай самаарганізацыі.

Названыя варыянты можна падаць у выглядзе наступнай схемы:

{ВВВ}; {ВВС} - узровень прафесійнай самаарганізацыі;

{ВСС}; {ВВН}; {ССС} - нарматыўна-прафесійны ўзровень;

{ВСН}; {ВНН}; {ССН} - пачаткова-прафесійны ўзровень;

{СНН}; {ННН} - дапрафесійны ўзровень,

дзе В, С, Н - ступень выражанасці крытэрыю высокая, сярэдняя або нізкая адпаведна. Дадзеная класіфікацыя атрымана на аснове абагульнення эмпірычнага матэрыялу з удзелам экспертаў. На аснове атрыманых у працэсе эксперыментальнага даследавання даных пабудаваны палігон частот (малюнак 2).

Малюнак 2 - Палігон частот узроўняў развіцця прафесійнага самавызначэння да (9-я класы) і пасля (11-я класы) правядзення спецыяльна арганізаванай работы

ПЕДАГОГІКА І ПСІХАЛОГІЯ

55

Як паказвае палігон частот, маецца адрозненне паміж размеркаваннем чатырох узроўняў у эксперыментальнай і кантрольнай выбарках. Але ўзнікае пытанне, ці з’яўляецца істотным такое адрозненне. Для выяўлення ступені адрознення сфарміраванасці ўзроўняў прафесійнага самавызначэння вучняў выкарыстаны медыянны крытэрый, які быў знойдзены па адпаведнай формуле і аказаўся Т = 28,02. Для ўзроўню значнасці а = 0,01 і адной ступені свабоды Тфьпыч = 6,64. Паколькі T > Ткрытыч. (28,02 > 6,64), то нулявая гіпотэза адхіляецца і прымаецца альтэрнатыўная, на аснове якой можна сцвярджаць, што спецыяльна арганізаваная эксперыментальная работа па нашай сістэме садзейнічала аптымальнаму прафесійнаму самавызначэнню старшакласнікаў.

Аналіз даных, атрыманых у працэсе педагагічнага эксперыменту, паказвае, што пры адсутнасці спецыяльна арганізаванай псіхолага-педагагічнай падтрымкі аптантаў у сітуацыі выбару ўзровень іх прафесійнага самавызначэння застаецца амаль без змены на працягу навучання ў інавацыйнай установе. Колькасць навучэнцаў, якія маюць узровень прафесійнай самаарганізацыі, застаецца на ўзроўні 20%. Пасля эксперыменту гэтая лічба павялічылася болей чым у два разы і склала 43%. Калі да гэтай колькасці навучэнцаў, што маюць узровень прафесійнай самаарганізацыі, дадаць колькасць тых, хто мае нарматыўна -прафесійны ўзровень (39%), то атрымаем унушальную лічбу: колькасць тых, хто мае даволі высокі ўзровень прафесійнага самавызначэння, складае 82%. Гэта даказвае эфектыўнасць распрацаванай намі тэхналогіі арганізацыі прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.

Вывады

Навуковая навізна і тэарэтычная значнасць праведзенага даследавання заключаюцца ў тым, што ў ім упершыню ў кантэксце сінергетычнай тэорыі развіцця распрацаваны і эксперыментальна правераны канцэпцыя і нелінейная тэхналогія арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў, якія спрыяюць паспяховаму самавызначэнню і самарэалізацыі старшакласнікаў.

Прынцыповая навізна распрацаванай канцэпцыі прафесійнага самавызначэння заключаецца ў прызнанні канструктыўнай ролі хаосу як умовы стабільнага і дынамічнага развіцця асобы, вырашэнні пытання пра суадносіны неабходнасці і выпадковасці, магчымасці імавернага прагнозу ў выглядзе фармулёўкі стратэгічнай мэты жыцця і вызначэнні параметраў парадку, якія абумоўліваюць кірунак прафесійнага станаўлення асобы. Эфектыўнасць арганізацыі прафесійнага самавызначэння залежыць не столькі ад сілы педагагічнага ўплыву, колькі ад яго адпаведнасці ўнутраным тэндэнцыям развіцця сістэмы і своечасовасці выкарыстання. Распрацаваныя канцэпцыя і тэхналогія, у адрозненне ад вядомых канцэпцый і тэхналогій лінейнага кіравання працэсам прафесійнай арыентацыі, з’яўляюцца нелінейнымі канцэпцыяй і тэхналогіяй падтрымкі рашэнняў аптанта, дапускаюць творчасць педагога і вучня і пабудаваны на сінергетычных законах і прынцыпах. У іх аснове - біфуркацыйны механізм працэсу прафесійнага выбару.

Вынікі даследавання ўзбагацілі тэорыю і метадалогію прафесійнага самавызначэння, заклалі новыя падыходы для даследаванняў у гэтай вобласці. Сярод іх: спалучэнне ідэі самаарганізацыі з ідэяй самапазнання і самавызначэння як новага дыялогу чалавека з грамадствам і самім сабою; прымяненне міждысцыплінарнага падыходу ў мадэляванні і тэхналагізацыі працэсаў асобаснага і прафесійнага развіцця; тэарэтычнае абгрунтаванне і распрацоўка сінергетычных мадэляў і тэхналогій арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў.

Эксперыментальная тэхналогія арганізацыі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў можа быць выкарыстана ў практыцы агульнаадукацыйнай школы для аказання педагагічнай падтрымкі старшакласнікаў. Дыдактычныя распрацоўкі і матэрыялы могуць знайсці прымяненне пры выкладанні ў ліцэі або гімназіі факультатыўнага курса «Прафесійнае самавызначэнне і самаўдасканаленне асобы» і вучэбнага курса «Мая прафесійная будучыня», вучэбнага курса «Псіхалагічныя асновы прафесійнай арыентацыі» ва універсітэце. Актуальнымі з’яўляюцца праблемы адкрыцця ў педагагічных і класічных універсітэтах новых спецыяльнасцяў па падрыхтоўцы антраполагаў-прафкансультантаў, уключэння ва ўсе вучэбныя планы педагагічных спецыяльнасцяў вучэбных і спецыяльных курсаў па псіхалогіі і педагогіцы прафесійнага самавызначэння.

56

ВЕСНІК МДПУ імя І. П. ШАМЯКІНА

Літаратура

1. Атутов, П. Р. Технология и современное образование / П. Р. Атутов // Педагогика. - 1996. -№ 2. - С. 11-14.

2. Бабосов, Е. М. Человек на пороге рынка / Е. М. Бабосов. - Минск : Наука и техника,

1992. - 174 с.

3. Голомшток, А. Е. Выбор профессии и воспитание личности школьника: воспитательная концепция профессиональной ориентации / А. Е. Голомшток. - М. : Педагогика, 1979. - 160 с.

4. Климов, Е. А. Психология профессионального самоопределения / Е. А. Климов. - Ростов н/Д : Феникс, 1996. - 512 с.

5. Черникова, Т. В. Профориентационная поддержка старшеклассника : учеб.-метод. пособие / Т. В. Черникова. - М. : Глобус, 2006. - 256 с.

6. Чистякова, С. Н. Профессиональная педагогика: учеб. для студентов, обучающихся по пед. специальностям и направлениям / С. Н. Чистякова. - М. : Ассоциация «Профессиональное образование», 1997. - 512 с.

7. Дулуб, А. М. Инновационный проект: образовательный маршрут и профессиональное самоопределение / А. М. Дулуб // Народная асвета. - 2008. - № 7. - С. 41-50.

8. Завадская, Ж. Е. Определение старшеклассниками перспектив своего будущего как проявление их субъектности / Ж. Е. Завадская // Праблемы выхавання. Сер., У дапамогу педагогу. - 2009. -№ 1 - С. 7-12.

9. Олекс, О. А От дистанционного центра профориентации на страницах журнала - до веб-сайта ABITURIENT/BU / О. А. Олекс // Народная асвета. - 2007. - № 12. - С. 8-10.

10. Прощицкая, Е. Н. Выбирайте профессию : учеб. пособие для учащихся ст. кл. сред. шк. / Е. Н. Прощицкая. - М. : Просвещение, 1991. - 141 с.

11. Степаненков, Н. К. Профессиональная ориентация / Н. К. Степаненков. - Минск : Университетское,

1993. - 168 с.

12. Erikson, E. H. Identity: Youth and Crisis / E. H. Erikson. - New York, 1968. - 336 p.

13. Weinreich, P. Psycho-dinamics of personal and Social Identity / P. Weinreich. - In Jacobson Widlung -A (ed) Identity : Personal and Sociocultural Uppasa, 1983.

14. Luckmann, Th. Remarcos Personal Identity: Innersocial and Historical Time in Yacobson - Widlung (ed) Identity : Personal and Sociacultural / Th. Luckmann. - Uppaba, 1983.

15. Доронкевич, В. А. Становление профессиональной ориентации за рубежом: модели Ф. Парсонса и Д. Холланда / В. А. Доронкевич, А. Ф. Журба // Тэхналагічная адукацыя. - 1998. - № 2. - С. 90-106.

16. Niemi, H. The Meaning of Life among Secondary School-Pupils / H. Niemi. - De pof Education Univ, af Helsinkiresear chbull № 65. - Helsinki, 1987.

17. Фукуяма, С. Теоретические основы профессиональной ориентации / С. Фукуяма ; под ред. Е. Н. Жильцова, Н. Н. Нечаева. - М. : Изд-во МГУ, 1989. - 108 с.

18. Пригожин, И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой / И. Пригожин, И. Стенгерс. ; пер. с англ. Ю. А. Данилова. - М. : Прогресс, 1986. - 431 с.

19. Таланчук Н. М. 100 новых идей в педагогике, связанных с открытием фундаментальных законов системного синергетизма : эврист. тезаурус / Н. М. Таланчук. - Казань : ИССО РАО, 1993. - 105 с.

Summary

In the article the author’s approach to solving the problem of professional self-identification of senior high school students is presented. The conformities and principles of organization of personal self-identification, on the basis of which the experimental technology of organization of personal self-identification is built, are outlined. The technology is viewed as a process of realization of teachers and pupils’ creative opportunities. It’s sense characteristics are non-linear character, availability of mechanism of self-organization and self-development, equivalentness of direct and indirect connection, partnership interrelation «aptant - professional consultant», spontaneous raise of requirements to the subjects of professional choice, perspective indirect influence on a person, dependence from phase character of system movement in the process of its formation and development.

Паступіў у рэдакцыю 23.10.09.

i Надоели баннеры? Вы всегда можете отключить рекламу.